Вынікі Сацыяльнага Маршу камэнтуе эканаміст Аляксандар Чубрык: Магчыма, яны зьявяцца праз 5 гадоў. Але наўрад ці нашмат раней.

«Калі прыгадваць Леніна, варта прыгадаць сфармуляваныя ім тры ўмовы рэвалюцыйнай сытуацыі: «вярхі ня могуць кіраваць па-старому», «нізы ня могуць жыць па-старому», і наяўнасьць палітычнай сілы, якая гатовая ўзяць уладу. На мой погляд, у Беларусі на дадзены момант няма ніводнага з гэтых чыньнікаў рэвалюцыйнай сытуацыі, сфармуляваных Леніным. Улады як маглі кіраваць, так і могуць, нават крыху больш жорстка. Людзі нармальна даволі жывуць. З такім узроўнем даходаў нават пры скасаваньні ільготаў ніхто на вуліцу ня пойдзе. Ну і апазыцыя ўзяць уладу ў свае рукі таксама не гатовая.

Мне нядаўна давялося размаўляць з дакладчыкам па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні. На ягоную думку, беларускае грамадзтва пайшло значна далей за апазыцыю. Тут гэта нават не віна апазыцыі, так сытуацыя склалася, яна складалася доўга, яны гадоў 10 ішлі да гэтай сытуацыі.

І другое, што ён казаў – што апазыцыя прыкрывае свае слабасьці наяўнасьцю ў краіне рэпрэсіўнага рэжыму. Так, такое ёсьць, але безвыніковасьць дзеяньняў апазыцыі тлумачыцца ня толькі гэтым. Калі ўжо прадстаўнік Рады Эўропы агучвае такія меркаваньні, то, відаць, сапраўды нешта трэба рабіць. Мне тут цяжка казаць, што менавіта. Але як эканаміст я магу сказаць, што зараз ня існуе эканамічных перадумоваў для палітычных і сацыяльных зьменаў. Магчыма, яны зьявяцца праз 5 гадоў. Але наўрад ці нашмат раней».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?