Магчымыя вынікі тэраформінгу Марса. Выява: Daein Ballard, Wikimedia Commons
Амерыканскае агенцтва па перспектыўных абарончых навукова-даследчых распрацоўках (DARPA) створыць генетычна-мадыфікаваныя арганізмы дзеля тэрафармавання Марса, паведамляе Motherboard.
Расліны, бактэрыі і водарасці, здольныя да фотасінтэзу, тэарэтычна змогуць зрабіць атмасферу Марса прыдатнай для чалавека. На практыцы спачатку прыйдзецца патрэніравацца на Зямлі.
DARPA збіраецца адабраць «найлепшыя» гены жывых арганізмаў Зямлі з дапамогай праграмы DTA GView. Праграма збірае ўсе вядомыя гены і месцы іх размяшчэння ў геноме. Абраныя гены можна дадаць у спачатку бактэрыі, затым мікраарганізмы, а потым і ў большыя мнагаклетачныя арганізмы.
«Упершыню ў гісторыі ў нас ёсць тэхналагічны інструментарый не толькі для пераўтварэння негасцінных месцаў тут, на Зямлі, але і для палёту ў космас не толькі «каб наведаць», але і «каб застацца», — кажа пра стварэнне такіх арганізмаў Аліса Джэксан, намеснік кіраўніка аддзелу біятэхналогій DARPA.
Атрыманыя арганізмы збіраюцца выпрабаваць спачатку на Зямлі — у раёнах, пацярпелых ад катастроф. Калі мадыфікаваныя арганізмы акажуцца здольнымі аднавіць разбураныя ландшафты і экасістэмы, наступным крокам стане тэраформінг Марса.
Назваць нават прыкладныя тэрміны тэраформінгу цэлай планеты пакуль немагчыма — хутчэй за ўсё, на гэта сыдуць не дзясяткі і не сотні год, а значна большыя адрэзкі часу. Тым не меней, стварэнне арганізмаў, здольных не толькі выжыць на Марсе, але і заўважна паўплываць на яго атмасферу, робіць задачу ператварэння Марса ў планету, прыдатную для чалавека без скафандра, тэарэтычна выканальнай.