Нядаўна Міністэрства культуры Літвы апублікавала інфармацыю пра тое, што ў адной з безымянных магілаў, знойдзеных археолагамі сёлета пасля апоўзня на гары Гедыміна ў Вільні, быў знойдзены артэфакт, які дазваляе з доляй дакладнасці ідэнтыфікаваць парэшткі аднаго з герояў паўстання 1863 — Зыгмунта Серакоўскага.
Гэта пярсцёнак з надпісам «Zygmund Apoloniya 11 Sierpnia / 30 Lipca 1862 r.».
Delfi.lt публікуе яго фота.
Пярсцёнак быў знойдзены ў магіле мужчыны. Яго пахавалі асобна ад іншых (астатнія знойдзеныя магілы — брацкія).
Рукі яго, як бачна з фота, былі звязаныя за спінай.
Зыгмунт Серакоўскі быў адным з кіраўнікоў паўстання ў 1863-64 гг. У кароткім часе ён сабраў буйны атрад з 5 тысяч чалавек, але ў баі быў разбіты ўрадавымі войскамі. Суд прысудзіў яму смяротнае пакаранне праз павешанне. Серакоўскі быў пакараны ў 1863 годзе ў Вільні на Лукішскім пляцы.
Яго жонкай была Апалонія з Далеўскіх — сястра паўстанцаў і «першая прыгажуня на Літве», як яе называлі.
Іх шлюб адбыўся ў Кейданах (цяпер Кейданяй, Літва) 30 ліпеня (11 жніўня паводле новага стылю) 1862. Імя і дата супадаюць з пазначанымі на пярсцёнку.
У магілах былі знойдзеныя рэчы, якія дазваляюць аднесці пахаванні да другой паловы ХІХ стагоддзя. Тады на гары Гедыміна месціўся расійскі гарнізон, і пакараных смерцю паўстанцаў хавалі там, каб іх магілы не сталі месцам пакланення.
Чытайце таксама:
Знойдзеныя парэшткі Зыгмунта Серакоўскага? Пра гэта сведчыць пярсцёнак
«Апошняя мазурка ў Літве»: гісторыя кахання і вернасці Зыгмунта Серакоўскага і Апалоніі Далеўскай