Прыём праектаў на конкурс даўно скончыўся, а арганізатары працягваюць атрымліваць працы, паведамляе дзяржаўнае тэлебачанне. Мы вырашылі праверыць, што ўяўляюць з сябе «найлепшыя інавацыйныя ідэі ў розных сферах сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны».

«Алкагалізацыя грамадства»

Сярод сотні праектаў прыцягваюць увагу вострыя тэмы. «Алкагалізацыя грамадства дасягнула пагрозлівых маштабаў. (…) Асаблівую трывогу выклікае ўзмацненне гэтай з’явы сярод моладзі», — піша адзін з аўтараў.
Ён прапануе комплекс адукацыйна-прафілактычных мерапрыемстваў для школьнікаў і студэнтаў.

Аўтарка праекта «Фонд дапамогі маладым мамам» канстатуе кепскае дэмаграфічнае становішча ў краіне. Яна мяркуе, што наяўных дзяржаўных праграм падтрымкі маладых бацькоў недастаткова і прапануе стварыць адмысловы фонд. Ён дапаможа маладой маме адшукаць працу з гнуткім графікам. Працадаўца, які возьме на працу такую супрацоўніцу, атрымае падатковыя льготы.

Яшчэ адзін аўтар кажа пра неабходнасць рэфармавання сістэмы аховы здароўя, у прыватнасці — увесці абавязковае медыцынскае страхаванне. За прыклад ён прапануе ўзяць досвед Ізраіля.

Эўрыка?

Некаторыя аўтары аддалі перавагу менш глабальным праблемам. Але дробнае — не значыць горшае. Так, адзін з праектаў прысвечаны вырошчванню грыба-вясёлкі. Яе аўтар, біяхімік, займаецца даследаваннем вясёлкі як моцнага сродку для лячэння цукровага дыябету.

Студэнты Беларускага дзяр-жаўнага ўніверсітэта транспарту ўнеслі некалькі прапановаў. Яны стварылі эксперыментальны экзэмпляр пераноснага прыстасавання для сілкавання мабільнага тэлефона. Яго можна насіць з сабой і выкарыстоўваць пры патрэбе ў любым месцы. Магчыма, гэтае няхітрае вынаходніцтва зробіць рэвалюцыю.

Акрамя таго, студэнты ВНУ прапануюць арганізаваць камп’ютарныя курсы для пажылых людзей. Гэта надасць ім упэўненасці ў сабе і дапаможа зразумець, чым жывуць іх дзеці і ўнукі.

Трохі пудлаў

Пад няўдалай назвай «Генацыд габрэйскага народа» хаваецца праект па ўвекавечванні памяці ахвяр нацызму на Кобрыншчыне.

А вось фотаздымак ахопленага агнём гаража. Гэта праект па зносе прыватных гаражоў і пабудове падземных гаражных кааператываў. Застаецца спадзявацца, што ён не прадугледжвае такіх радыкальных метадаў вырашэння першай задачы.

Аўтар з Гомеля прапануе ўкараніць шэраг інавацый для прыцягнення замежных турыстаў у свой горад. Прапануе зрабіць надпісы па-англійску, стварыць сетку сувенірных крамаў, а таксама вырашыць набалелае пытанне грамадскіх прыбіральняў. Ідэі разумныя, але наўрад ці гэтыя даўнія здабыткі цывілізацыі можна назваць інавацыйнымі.

Што такое «100 ідэй для Беларусі»

У конкурсе пяць намінацый: «Грамадска-патрыятычнае выхаванне моладзі», «Эканамічныя ініцыятывы», «Сям’я — аснова сучаснага грамадства», «Фармаванне здаровага ладу жыцця» і «Экалогія і энергазберажэнне». Праекты змешчаныя на сайце БРСМ. Аўтараў-пераможцаў запросяць на Рэспубліканскі моладзевы інавацыйны форум.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?