Карэспандэнт «Нашай Нівы» сустрэўся з незвычайным чалавекам. Па прафесіі праграміст, ён са школы захапляецца арніталогіяй, сябра грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ). Наш суразмоўца — Міхаіл Дзятлік, які пражывае з бацькамі ў адным з спальных раёнаў Мінска — Шабанах.

«Сала-налепкі».

«Сала-налепкі».

Зараджаная клавіятура.

Зараджаная клавіятура.

На баявым дзяжурстве.

На баявым дзяжурстве.

Сініцы з Шабаноў змагаюцца за свабодную Беларусь.

Сініцы з Шабаноў змагаюцца за свабодную Беларусь.

Птушыны Твітэр.

Птушыны Твітэр.

Наша Ніва: Раскажы, калі ласка, пра свой праект.

Міхаіл Дзятлік: Ідэя прыйшла, калі я праглядаў сайт pashtouka.org. Мне прыйшла ў галаву думка, а чаму б не аўтаматызаваць працэс з дапамогай птушак?

Я вырашыў спалучыць свае палітычныя перакананні і сваё птушынае хобі.
Усталяваў непатрэбны кампутар каля вакна, падключыў яго да інтэрнэта, залагініўся на Твітэры, клавіятуру вынес за вакно і прымацаваў кавалкі сала да клавішаў. Сініцы і вераб’і любяць частавацца салам, калі спрабуюць пакаштаваць кожны кавалак па чарзе, націскаюць дзюбамі гузікі клавіятуры, атрымліваецца друкаваны тэкст, які потым аўтаматычна дасылаецца на сайт.


НН: Чаму ты выбраў менавіта Твітэр для рэалізацыі ідэі?

МД: Некалькі прычынаў. Апошні год інтэрнэт-сэрвісы кшталту Фэйсбуку ці Твітэра адыгралі вяліку ролю ў барацьбе за дэмакратыю, іх так і называлі — «Твітэр-рэвалюцыі». Па-другое, «твіт» (tweet) перакладаецца з ангельскай мовы як «чырык». Таксама, у Твітэра абмежаванне даўжыні каментара на 140 сімвалаў, і для птушак гэтага звычайна дастаткова.


НН: Калі рэч пайшла пра даўжыню каментараў, то якім чынам птушкі могуць пісаць нешта асэнсаванае?

МД:

Цяпер даволі папулярным каментарам на беларускіх сайтах з’яўляецца «ШОС»,
такім чынам я дапамог птушкам, абмежаваўшы набор клавіш, і яны цяпер могуць толькі пісаць каментар «ШОС» альбо іншыя варыянты як «ОШС», ці «СОШ», якія ў прынцыпе маюць такі ж самы сэнс.


НН: З якімі цяжкасцямі ты сутыкнуўся падчас рэалізацыі праекта?

МД: Ніякіх цяжкасцяў не было, хіба што толькі як замацоўваць сала, бо яно ніякім клеем не бярэцца. Таксама прышлося эксперыментаваць з вагой кавалкаў сала, каб сілы сініцы было дастаткова для націскання клавішы дзюбай.


НН: На колькі хапае «расходнікаў»?

МД: Зімой, асабліва ў маразы, раз на дзень трэба было мяняць сала, бо прадзёўбывалі да пластыку. Цяпер, увесну, могуць і за тыдзень не дакрануцца.


НН: Якія планы на будучыню?

МД: Гэтай зімой я, скажам так, выпрабаваў ідэю, у наступным годзе планую наладзіць сумесна з кампаніяй «Будзьма» выпуск гатовых набораў сала-налепак для клавіятур. Туды будуць уваходзіць налепкі з сала для клавішаў «Ш», «О», «С» і «Enter».

Магчыма, будуць нейкія варыянты для прыхільнікаў лацінкі.
Кнопкі ў раскладцы лацінкі супадаюць «Ш» — «Š», «O» — «O», «C» — «S», таму падобна на тое, што камплект будзе адрознівацца толькі кампакт-дыскам з драйверамі клавіятуры.


НН: Дзякуем за інтэрв’ю.

МД: Дзякую «Нашай Ніве» і, карыстаючыся магчымасцю, хачу анансаваць працяг праекта. У маіх наступных планах — усталяваць вэб-камеру, накіраваную на клавіятуру, і падключыць онлайн для прагляду, таму буду рады грашовым ахвяраванням. Мае каардынаты ёсць у Рэдакцыі.

* * *

Гэты матэрыял з'явіўся на сайце НН 1 красавіка. Мы рады, калі Вы ўсміхнуліся. :-)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?