Сустрэча Паўла Вінаградава з Акрэсціна перарасла ў невялікі перфоманс дзякуючы нашумеўшаму адкрытаму лісту, які з’явіўся ў інтэрнэце пасля чарговай пасадкі лідара «Змены». У ім Вінаградаў выказаў упэўненасць, што з «сутак» яго будуць сустракаць усе лідары апазіцыйных рухаў, аргкамітэтаў і партый.
Выйшаўшы з брамы спецпрыёмніка-размеркавальніка, Павел адразу вядзе ўсіх да вялікага бел-чырвона-белага пазла. Па задуме Вінаградава, яго кавалкі трэба было раздаць усім запрошаным лідарам.
«Зараз я буду раздаваць кавалачкі. Адзін кавалачак аднаму лідару, другі кавалак – другому! Дзе тут Лябедзька?» - пытаецца Вінаградаў.
Марна. Лябедзькі няма. Няма і Рымашэўскага, Янукевіча, Івашкевіча, Калякіна. Таму свае кавалкі пазла атрымоўваюць толькі прысутныя Уладзімір Някляеў і Уладзімір Мацкевіч. Іншыя часткі разбіраюць актывісты, абяцаючы перадаць іх сваім лідарам.