Сёлета будзе 23 гады, як мы жывем у сваёй краіне. Час, які, здавалася б, дазваляе з гістарычнай вышыні зірнуць хаця б у пачатак 90-х. Але мы, нібы зачараваныя, захраслі ў стэрэатыпах тых часоў, упарта таўчом затхлую ваду старых дыскусій і разладаў.

Чаму, напрыклад, падзеі 1990—1994 гадоў дасюль называюць беларускім Адраджэннем? Таму што гэта паэтычна? Ці таму што грамадскімі лідарамі тады былі мастацтвазнаўцы?

Вядома, што Адраджэннем прынята называць зварот Еўропы да антычнай культуры ў познім Сярэднявеччы. А якое культурнае вяртанне было 23 гады таму ў нас?

Гэта ж было класічнае «вярхі не маглі, а нізы не хацелі», а ў выніку — грандыёзны сацыяльна-палітычны выбух. Дык чаму не назваць усё сваімі імем — Рэвалюцыя?

На якім месцы там была культура? Здаецца на апошнім, якраз пасля мовы.

Тады адыблася тыповая дэмакратычна-нацыянальная рэвалюцыя. І справа не толькі ў тэрміналогіі, справа ў сутнасці.

За 3—4 гады карэнным чынам памяняліся палітычная ўлада, эканамічны ўклад і сацыяльныя перспектывы ў краінах нашай часткі свету. Гэта была самая вялікая рэвалюцыя другой паловы ХХ стагоддзя, а для нас — яшчэ і першая беларуская рэвалюцыя.

Чаму дэмакратычна-нацыяльная, а не наадварот — нацыянальна-дэмакратычная? Таму што, у адрозненне ад Прыбалтыкі, у нас нацыянальныя лозунгі і задачы былі адсунутыя на другі план. А тое, што адбывалася, напрыклад, у Маскве, увогуле трэба назваць ліберальна-дэмакратычным пераваротам, бо там нацыянальная праблематыка практычна не гучала.

Такім чынам, нацыянальная асаблівасць беларускай рэвалюцыі — слабасць незалежніцкіх амбіцый — выявілася ўжо на першым этапе, але потым гэта прывяло да фатальных наступстваў і ў іншых сферах — і эканамічнай, і палітычнай. Апафеозам і адначасова апошнім актам беларускай рэвалюцыі былі выбары 1994 года. Ужо з наступнага года пачаўся адкат, альбо Рэстаўрацыя — між іншым, нярэдкі вынік рэвалюцыйных падзей.

Наступ контррэвалюцыі, усталяванне аўтарытарнай улады — гісторыя поўніцца такімі прыкладамі, і мы не сталі выключэннем. Зноў-такі, з нацыянальнымі асаблівасцямі, калі не сказаць парадоксамі. Наша квазіманархія спалучыла ў сабе сацыяльныя пражэкты камуністаў і планавую эканоміку, модны клоунскі папулізм і вертыкальна-паліцэйскі маналіт адзінаўладдзя, былую залежнасць ад метраполіі і перманентную «вайну» са сваімі крамлёўскімі спонсарамі.

Хто пасля гэтага скажа, што Беларусь такая ж, як і ўсе, а не эксцэнтрычная бульба-трактарная, балотна-транзітная, азіяцка-цэнтральнаеўрапейская дзяржава?

Але гэта палітычная лірыка — ад лішку эмоцый да нашай любімай родзіны-радзімы.

Калі ж па сутнасці, то страхі Лукашэнкі маюць рэальныя падставы — першая беларуская рэвалюцыя не стала апошняй. Бо, якой бы «эксклюзіўнай» ні была краіна, рана ці позна ёй давядзецца адказваць на тыя ж банальныя пытанні, на якія ўжо знайшлі адказ менш эксцэнтрычныя суседзі.

Але на гэтым беды Беларусі не канчаюцца.

Ёсць менш відавочныя праблемы, але, як «міны запаволенага дзеяння», яны пагражаюць яе будучыні. Спынюся толькі на самай казуістычнай з іх — на назве.

Як высветлілася, не ўсім тутэйшым аўтахтонам падабаецца наша сённяшняе імя — Беларусь, асабліва прыметнік «беларускі». Логіка іх такая: жылі мы пяць стагоддзяў літвінамі (па іншай версіі — ліцвінамі), але прыйшлі паганыя маскалі і абазвалі нас бела-рускімі.

Вось і не можам мы адмыцца ад той пары. Яны ж самі хітрыя гады, засталіся бясколернымі — проста рускімі, а мы ходзім як тыя «белыя вароны». За малодшых братоў нас трымаюць, на «пабягушках». А каб мы ведалі, хто мы насамрэч… то – «Г-ы-ы-х! Отойді, москва, пасунься, кыёў, а варшава, цыц!— Літ(ц?)віны прыйшлі! Зноў мы ад мора да мора, а Вільня — нам дарунак ад жмудзінаў!»

Гэта такая кароткая гістарыяграфія, археалогія-ідэалогія, а заадно і палітычная праграма новага руху, так бы мовіць, беларусаў літвінскага разліву. Між іншым, тут не так шмат гумару, як здаецца. Ёсць таварышы, якія ўспрымаюць такія экспромты вельмі сур’ёзна. Дарэчы, каб прымірыць левае (мяккае) і правае (цвёрдае) крыло новага руху, прапаную гібрыдны варыянт: усім паплечнікам звацца літ-цьвіны. Альбо ўжыць іншы стары назоў (хай даруюць мне былыя суайчыннікі-жыды) — літвакі. Калі ж на поўным сур’ёзе, то ў найбліжэйшыя 100 год прапаную пакуль заставацца беларусамі. І на тое ёсць свае падставы. Вось напрыклад…

Ці не задумваліся вы, чаму зачынальнікі белнацыяналізму Каліноўскі і Багушэвіч, самі з польскамоўнага культурнага арэалу, прынцыповыя апаненты маскоўскіх традыцый, не пацягнуліся за Літвой, а пайшлі за Беларуссю?

Хаця самі яны былі з той усходнекрэсавай шляхты, што яшчэ звалася літвінамі. Чаму яны так лёгка «купіліся» на быццам бы маскоўскую «прынаду»? Ці не лепш было трымацца свайго літвінства да канца? Справа, відаць, у тым, што канец літвінству прыйшоў крыху раней, у пачатку ХІХ ст., і яны заспелі толькі яго руіны.

Тое, першае, літвінства было не фантомам сённяшніх прасунутых адраджэнцаў, а супольнасцю спаланізаванай шляхты, да таго часу пазбаўленай сваёй прававой ды эканамічнай моцы і амаль цалкам страціўшай повязь з тутэйшым русінствам. Такія дзівакі-летуценнікі, як Каліноўскі і Багушэвіч якраз і зразумелі, што старое літвінства — даўно выпрацаваная ідэя і дэмаралізаваны, непрыдатны для будучыні матэрыял. Феадалізм сканаў, а разам з ім і шляхта ВКЛ. Таму яны паставілі на «маргінальнае», малапрэстыжнае, але дастаткова легітымнае для нашых краёў слова — Беларусь.

Між іншым, забароненае на той час царскай уладай, якая напэўна ўжо ўгледзела за ім сепаратысцкі патэнцыял і памяняла на чыста геаграфічны назоў — Паўночна-Заходні край.

Ёсць яшчэ адзін аспект узыходжання на паверхню гісторыі нашага сённяшняга імені.

Калі Каліноўскі толькі інтуітыўна імкнуўся крыху аддаліцца ад Польшчы, дзе наш лёс ужо тады быў вырашаны адназначна — асіміляцыя, то Багушэвіч і яго наступнікі больш усвядомлена ішлі на ўсход. Назва «Беларусь» сапраўды спачатку набліжала нас да Расіі і расійцаў (тожа-рускіх), а вось літвінства пакідала ў безнадзейных абдымках Польшчы.

Гэты момант, мусіць, найлепш адчуваюць Латышонак, Мірановіч ды іншыя беларусы «з-за кардону», якія і сёння, бадай, знаходзяцца ў «шкуры Багушэвіча»: як ні дзіўна, выжыць і сфармавацца нацыі лягчэй у велізарнай шматэтнічнай імперыі, чым у невялікай унітарнай дзяржаве. У апошняй хутчэй ідуць асіміляцыйная працэсы, і гісторыя літвінства ў XVIII ст. — таму добры прыклад. Гэта значыць, што

выбар паланафіла Багушэвіча на карысць Беларусі быў невыпадковы, а галоўнае — стратэгічна правільны. Пад Польшчай нашы нацыятворчыя працэсы не зайшлі б так далёка. Бо не ў Рэчы ж Паспалітай — 2, а ў новай, савецкай імперыі атрымалася закласці падмуркі хоць якой нацыянальна-культурнай і палітычнай аўтаноміі, акрэсліць межы, вызначыць сталіцу.

На бязрыб’і і рак рыба. Вось такім «ракам» і стала БССР. І сённяшняя РБ, відаць, не паўнавартасная «рыба», бо больш поўзае (у Маскву і назад), чым вольна плавае ў свеце сусветнай палітыкі. Але ж прагрэс відавочны — мы нешта можам і самі… І ўсё ж праз 150 год, зноў уваскрос прывід літвінства.

Прычыны яго зразумелыя: найбольш нецярплівыя нацыянал-радыкалы, так бы мовіць, «супербеларусы» расчараваныя вынікам 20-гадовага існавання РБ, шукаюць шляхі хутчэйшай еўрапеізацыі.

І самы «геніяльны» спосаб, як ім здаецца, — памяняць назву. Усё геніяльнае проста, ды не ўсё простае геніяльна. Гэта, бадай, дзіцячая наіўнасць — верыць у тое, што замена аднаго слова на другое раптам разарве сацыякультурныя і эканамічныя сувязі, якім амаль два стагоддзі. Гэтак можна дагаварыцца да таго, што, назваўшыся сёння Угандай, заўтра мы апынемся ў Цэнтральнай Афрыцы. Аднак праблема не столькі ў назве, колькі ў тэндэнцыі, якая за ёй праглядаецца. Будзем шчырыя: цывілізацыйны праект пад назвай «краіна Беларусь» — дастаткова маладая і, я б сказаў, нават рэвалюцыйная з’ява.

100 гадоў для нацыі — юнацтва. Да таго ж фармаванне яе ідзе пакутліва, марудна і непаслядоўна. Гэта не адраджэнне, а нараджэнне чагось новага, дасюль небывалага і да канца не зразумелага.

А тут яшчэ гістарычныя рэмінісцэнцыі: то будзем адраджаць шляхту (у постіндустрыяльную эпоху!). То зноў будзем ткаць слуцкія паясы і адкрываць гуты ў Налібоцкай пушчы (і пэўна ж завалім прадукцыяй Кітай ды Амерыку!). Такія рэтра-фантазіі літвафілаў (я б назваў іх спробай «літвінскай контррэфармацыі») нічога карыснага не нясуць. Бо далёка яны ад сённяшніх рэальных праблем дый ад жыцця краіны ўвогуле.

І не варта цяпер пускаць энергію на пустыя спрэчкі ці «бітвы за мінулае». Разумныя змагаюцца за сучаснасць, а больш разумныя — ужо за будучыню.

Не час мяняць сёння імёны, якія дасталіся нам ад бацькоў, лепш напаўняць іх новым, сучасным зместам — эканамічным, культурным, палітычным. І, канечне, моўным. Бо рускамоўны «літвін», мне здаецца, горшы за простага «трасянкавага» беларуса, які не разрываецца паміж рэальна-маскальскім існаваннем і віртуальна-ліцьвінскімі мроямі, а жыве натуральным, суцэльным і шчырым жыццём сваёй краіны. Пара і нам зводзіць у адно сваё віртуальнае і рэальнае жыццё, выходзіць з форумных «мардабояў» і ананімных абраз да цывілізаваных кантактаў і практычных спраў. Хоць мы (у асноўным) і беларусы, але ж крыху яшчэ і еўрапейцы. Ці мо толькі збіраемся імі быць?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?