Ганна Шадрына, былая журналістка «Савецкай Белорусіі», якая пасля выбараў 2010 трапіла ў чорны спіс Еўрасаюза, але цяпер з яго выключана, прэзентавала ў Мінску сваю першую кнігу – «Не замужам: сэкс, каханне і сям’я за межамі шлюбу».
Яшчэ за часамі актыўнасці Livejournal, цяпер амаль амярцвелай сацыяльнай сеткі, спадарыня Шадрына набыла папулярнасць як блогер antusha, яна часам правакацыйна, часам проста цікава пісала тэксты на гендарную тэматыку. У рэшце рэшт, пасля таго як спадарыня Шадрына сышла з «СБ», яна цалкам прысвяціла сябе працы на тэматыку ўзаемаадносінаў палоў. Аднак кніга атрымалася не толькі пра гэта.
«Так сталася, што ў 2005 годзе я ўпершыню азнаёмілася з крытычнымі тэорыямі, — расказвае Шадрына. – Пасля я выпрацавала новую сістэму каштоўнасцяў, і першым крокам стала барацьба з «савецкімі жахамі». Што гэта значыць? Калі я сышла з газеты, мне трэба было адказаць і сабе самой, і сваякам на тыповыя савецкія пытанні: «Як гэта, кінуць працу?», «Што будзе з працоўным стажам» і гэтак далей».
Адна з задач, якую Шадрына паставіла для сябе – разабрацца з культурнымі стэрэатыпамі наконт стварэння сям’і.
«Гэтая кніга напісана на мяжы сацыялогіі і журналістыкі, — расказвае Шадрына. – З аднаго боку, у нас амаль няма навуковай журналістыкі, з іншага — кнігі па пытаннях гендара і становішча жанчыны ў сучасным свеце на рускую мову ніколі не перакладаліся. На нас працягваюць ціснуць нейкія ідэалы, якія прапагандуе культура, ідэалогія, «духоўныя скрэпы». Паводле іх, шлюбная пара – найлепшы свет з магчымых, але ці гэта так? Мне хацелася адказаць на пытанне, калі гэта найлепшы свет, да якога ўсе імкнуцца, чаму так складана туды трапіць?»
Па словах Шадрынай, яе кніга пры гэтым вельмі асабістая – размаўляючы з дзясяткамі жанчын з Беларусі і Расіі, яна ў першую чаргу адказвала на ўласнае пытанне: «Чаму ў мяне няма рамантычнага партнёра?» і «Ці можна з гэтым нармальна жыць?».
«Гэта не кніга пра адзінокіх жанчын, як кажуць крытыкі, – кажа Шадрына. – Ніякіх адзінокіх жанчын няма, то бок адзінота, гэта ізаляцыя, але ж калектыў ёсць паўсюль».
Па словах Шадрынай, у наступнай сваёй працы яна таксама будзе разбірацца ў сабе – тым разам гаворка пойдзе пра рэпрадуктыўны выбар у жыцці жанчыны.