Сусветныя СМІ неадназначна адрэагавалі на перамогу 17-гадовай Адэліны Сотнікавай, якая стала ў чацвер першай расіянкай, што заваявала алімпійскае золата ў жаночым адзіночным катанні.

Сотнікава больш чым на пяць балаў апярэдзіла карэянку Кім Ю На, якая лідзіравала пасля кароткай праграмы.

Так, французская l'Equipe назвала рашэнне суддзяў аддаць золата Сотнікавай скандальным. «З самага пачатку Алімпіяды ацэнкі расейцам былі «крыху» завышаныя. Памылкі Плюшчанкі, Ліпніцкай, Транькова і Валасажар не караліся, але да гэтага моманту перамагалі заўсёды тыя, хто гэтага заслугоўваў. Але ў гэты дзень усё не так. Суддзі аддалі Сотнікавай першае золата ў гісторыі расійскага жаночага фігурнага катання. Але яна яго не заслужыла. Гэта скандал».

Выданне USA Today указвае на тое, што перад адвольнай праграмай суддзяў з Паўднёвай Карэі і ЗША змянілі расіянка і ўкраінец.

Тым не менш, амерыканскія выданні вымушаныя прызнаць, што праграма Сотнікавай была тэхнічна больш складанай, чым у яе суседак па подыуме.

«Выступленне Сотнікавай было выдатным, але многія аглядальнікі лічылі, што Кім Ю На заслужыла другі залаты медаль. Але ўсё ж можна паспачуваць абодвум фігурысткам. Кім — адна з лепшых спартсменак у гісторыі. Яна добра выконвала ўсе элементы, выступала грацыёзна. Сотнікава жа сваёй харызмай захапіла ўсю ўвагу публікі. А суддзі адчуваюць, за каго заўзятары. І міжволі пранікаюцца сімпатыяй», — прызнае New York Times.

Двухразовая нямецкая алімпійская чэмпіёнка Катарына Віт раскрытыкавала суддзяў, якія аддалі перамогу Адэліне. «Я агаломшана гэтым вынікам, сур'ёзна. Я не разумею, як тут наогул лічылі балы. Чаму Сотнікава першая, Кім — другая?» — сказала Віт ў эфіры нямецкага тэлебачання.

Самі ўдзельніцы алімпійскага турніру былі занадта стомленымі, каб пра нешта спрачацца.

Тым часам больш за мільён чалавек патрабуюць адабраць у Сотнікавай перамогу На сайце сhange.org апублікаваны адкрыты ліст у адрас Міжнароднага саюза канькабежцаў. Аўтары ліста патрабуюць расследаваць і перагледзець вынікі жаночай адвольнай праграмы. Петыцыю падпісалі больш за 1,25 млн чалавек.

«Гэтая несправядлівасць была бачная ўсім у свеце, акрамя Расіі. Мы робім гэта не для Кім Ю На, а для захавання справядлівасці ў спорце, якая павінна займаць цэнтральнае месца падчас такога найбуйнейшага форуму, як Алімпійскія гульні», — гаворыцца ў паведамленні.

Праўда, пазней было заяўлена, што суддзі не будуць пераглядаць вынікі жаночага фіналу ў фігурным катанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0