Расія, Кітай, Венесуэла — усе гэтыя краіны сталі «сябрамі Беларусі», бо былі гатовыя нешта даць. Нафту, газ, льготныя крэдыты… Тым часам
на Блізкім Усходзе ўсё шчыльнейшыя адносіны завязваюцца з Катарам, хоць таваразварот паміж Беларуссю і гэтай краінай не выходзіць за межы статыстычнай памылкі (каля $2,5 мільёна ў лепшыя гады). Гэта, аднак, не перашкаджае арабам праяўляць пільны інтарэс да Беларусі. Супрацоўніцтва з імі асабіста курыруе сын кіраўніка Беларусі Віктар Лукашэнка.
У 2011-м быў анансаваны праект «Катарскі востраў». Каля Брэста мелася паўстаць спецыяльная зона з арабскімі культурнымі і дзелавымі цэнтрамі. А з абласнога аэрапорта хацелі арганізаваць прамыя авіяпералёты ў Доху.
У выніку катарцы спыніліся на будаўніцтве ў Мінску. На пляцоўцы каля футбольнага манежа яны ўзводзяць спарткомплекс, кінатэатр і гатэль. Планавалася адкрыць яго да хакейнага чэмпіяната свету, але тэрміны сарвалі.
Агулам у будоўлю ўкладуць каля $180 мільёнаў.
Катар — абсалютная манархія, таму і яе замежныя актывы належаць шэйху. Мінскі праект рэалізуюць Узброеныя сілы Катара, якія маюць свой інвестыцыйны фонд. Сімвалам катарскай арміі з’яўляецца сокал, таму і ўтвораную кампанію назвалі «Сокал».
Другі прыярытэт дзейнасці катарцаў у Беларусі — купля зямлі. Паводле заканадаўства, замежнікі не могуць набываць яе ва ўласнасць, таму бяруць у арэнду на 99 гадоў.
Спачатку стала вядома пра 25 га лесу каля Дубраўскага вадасховішча, гэта каля 20 км ад Мінска ў лагойскім накірунку. Участак быў выдзелены для будаўніцтва і эксплуатацыі рэзідэнцыі ў красавіку 2013 года. Вакол яго пакуль толькі закапалі апоры для чатырохметровага плота. Падрабязнасці гэтай гісторыі «Наша Ніва» пісала ў №28 ад 30 ліпеня 2014 года. Аднак гэта толькі маленькая частка ад катарскіх абшараў на Лагойшчыне.
Ізбішча, Пагост, Камена, Выгар, Ляснікі… — агулам з дзясятак вёсак адчулі з’яўленне дзіўнага суседа. Жыхары паўночнай Лагойшчыны пачалі скардзіцца на суседства яшчэ ў пачатку года. Новы гаспадар зямлі пачаў абгароджваць зямлю чатырохметровым плотам. Спачатку ад мясцовага насельніцтва закрылі лес, а пасля яшчэ і перагарадзілі раку Дзвінасу. Па ўсім перыметры развешаныя застрашальныя таблічкі: «Увага! Тэрыторыя арандаваная. Праход і праезд забароненыя». Калі нехта з мясцовых усё ж прабраўся ў забароненую зону, то ледзь уцёк. Кажуць, па няпрошаных гасцях нават стралялі.
Ахова катарскіх абшараў суворая. Яе набралі не з вяскоўцаў, як звычайна робяць у такіх сітуацыях, а возяць з Мінска. Адстаўнікі сілавых ведамстваў нібыта зарабляюць на такой працы вахтавым метадам па $2000 за месяц.
Тым часам у лесе новыя гаспадары расчысцілі месца пад верталётную пляцоўку і будаўніцтва базы, збіраюцца будаваць некалькі мастоў. А на першы эксперыментальны ўчастак ужо запусцілі аленяў. Калі яны прыжывуцца, можна будзе пачынаць вялікае катарскае паляванне. Але і цяпер грыбнікі часцяком чуюць стрэлы з лесу.
Яшчэ адзін вялізны кавалак новай катарскай зямлі знайшоўся ў цэнтры Лагойскага раёна, каля вёсак Юльянава і Завішынская. Адзін з бакоў надзела ідзе па берагу той самай Дзвінасы і ўпіраецца ў Плешчаніцкае вадасховішча.
І ў тым, і ў другім выпадку мясцовыя жыхары абураліся неспадзяваным суседствам, аднак зрабіць нічога так і не змаглі. «Пытанне пра перадачу 99 гектараў зямлі ў арэнду прадстаўніку Катара вырашалася на ўзроўні прэзідэнта», — цытаваў увесну прадстаўнікоў Задор’еўскага сельвыканкама партал Onliner.by.
Аднак абгароджаная плошча відавочна большая за 99 гектараў.
«Наша Ніва» знайшла дакумент, які пацвярджае гэта. Як высветлілася, 24 красавіка 2013 года Лагойскі райвыканкам заключыў дамову №977 арэнды зямельных участкаў з інвестыцыйнай кампаніяй «Сокал», якая выступіла прадстаўніком Катара. Паводле дакумента, арабы абавязаліся штогод плаціць па 2,8 мільярда рублёў, па цяперашнім курсе гэта каля $270 тысяч.
Але галоўнае — плошча арандаванай зямлі. Абодва ўчасткі (каля Ізбішча і Юльянава) складаюць разам 3897 гектараў! Прастора для палявання, а менавіта з гэтай мэтай даецца зямля, зойме амаль 40 км2. Для параўнання, гэта пяць з паловай тысяч футбольных палёў. Альбо 20 такіх краін, як Манака.
Выдзяленне гэтай зямлі і яе далейшая забудова адбыліся без грамадскага абмеркавання. Указ Аляксандра Лукашэнкі №302 ад 9 ліпеня 2012 года і прынятае ўслед рашэнне Мінаблвыканкама №392 ад 10 красавіка 2013 года, якія апісвалі працэдуру выдачы надзелаў катарцам, былі выдадзеныя пад грыфам «для службовага карыстання».