Дэвід Кроўфард, шматгадовы карэспандэнт газеты The Wall Street Journal Europe, збіраўся прыехаць у Беларусь, каб распавесці аб працы арганізацыі журналісцкіх расследаванняў CORRECT!V, якая месціцца ў Берліне і займалася тэмай крушэння малазійскага авіялайнеру на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе.
У сераду арганізатары сустрэчы паведамілі, што ў самы апошні момант беларускія ўлады адмовілі журналісту ў выдачы ўязной візы.
«Што да сустрэчы з Дэвідам Кроўфардам у пятніцу, то яна не адмяняецца, а проста зменіць свой фармат на вэбінар. Вядомы журналіст-даследчык выйдзе на сувязь з прысутнымі і абяцае падзяліцца абсалютна ўсім запланаваным матэрыялам і тэхналогіямі. У суботу, 28 лютага, у нас планаваўся і майстар-клас з Дэвідам. Ён, на жаль, адмяняецца. Але ўсіх, хто запісаўся на майстар-клас, мы запрашаем да ўдзелу ў не менш цікавым эбінары ў пятніцу, 27 лютага», — сказала кіраўнік «Прэс-клуба Беларусь» Юлія Слуцкая.
Сустрэча адбудзецца а 15-й гадзіне ў Галерэі TUT.BY па адрасе: пр-т Дзяржынскага, 57, 9 паверх.
Весці сустрэчу запрошаная вядомая ўкраінская журналістка і блогерка Крысціна Бердынскіх, якая працуе ў часопісе «Новое время» і вядзе праграму «Громадское на русском» на аднайменным тэлеканале.