Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody's змяніла прагноз змены суверэннага рэйтынгу эмітэнта і рэйтынгу незабяспечанага доўгу Беларусі з «негатыўнага» на «стабільны».

Cамі рэйтынгі пацверджаныя на ўзроўні «Caa1». Акрамя гэтага, Moody's пацвердзіла мяжу рэйтынгу валютнага доўгу Беларусі на ўзроўні «Caa1/NP», мяжу рэйтынгаў абавязацельстваў і дэпазітаў у нацыянальнай валюце — на ўзроўні «B3», мяжу рэйтынгу дэпазітаў у замежнай валюце — на ўзроўні «Caa2/NP».

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе агенцтва, змена прагнозу адлюстроўвае паляпшэнне пазіцыі Беларусі па знешняй ліквіднасці, якая, тым не менш, застаецца слабой, а таксама скарачэнне дэфіцыту рахунку бягучых аперацый і ўвядзенне больш гнуткага рэжыму валютных курсаў.

Агенцтва адзначае, што ў 2015 годзе Беларусь атрымала ад урада Расіі, а таксама ад расійскіх і кітайскіх банкаў фінансаванне ў аб'ёме 2,1 млрд даляраў ЗША, а ў сакавіку 2016 года Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) ухваліў вылучэнне фінансавага крэдыту краіне ў памеры 2 млрд даляраў, з якіх за 1,1 млрд будуць вылучаныя ў 2016 годзе. Урад Беларусі таксама вядзе перамовы з Міжнародным валютным фондам аб умовах новай праграмы фінансавання аб'ёмам 3 млрд даляраў.

Дэфіцыт рахунку наяўных аперацый краіны ў 2015 годзе скараціўся да 3,8% ВУП з 6,9% ВУП годам раней. Па прагнозах Moody's, гэты паказчык знізіцца да 3,2% ВУП ў 2016 годзе і да 3,1% ВУП — у 2017 годзе.

Акрамя гэтага, паказваюць аналітыкі агенцтва, урад Беларусі пачаў рэалізацыю шэрагу падатковых і структурных рэформаў для выканання ўмоў атрымання фінансавання ад ЕФСР.

Moody's прагназуе, што ВУП Беларусі ў 2016 годзе скароціцца на 2,7%, а ў 2017 годзе вырасце на 0,4%. Важнай прычынай чаканага зніжэння эканомікі з'яўляецца складаная сітуацыя ў эканоміцы Расіі, адзначаюць аналітыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?