Масавае абурэнне і шквал негатыўных каментароў выклікалі пасты ў сацсетках, а пазней матэрыял журналіста «НН» Арцёма Гарбацэвіча пра нібыта выкананую на мінскім прыходзе св. Мікалая Японскага песню «А я в Россию домой хочу» ў Дзень Незалежнасці Беларусі.
Мы з жонкаю ўжо чацвёрты год з’яўляемся прыхаджанамі згаданага прыхода, таму я не магу застацца безуважным да скандальнай сітуацыі і лічу патрэбным агучыць сія-тыя тлумачэнні і факты, не вядомыя большасці абураных чытачоў.
Перадусім трэба сказаць, што на нашым прыходзе заўсёды шанавалі і шануюць беларусаў, беларускасць і беларускую мову. У час набажэнстваў чытаюць Евангелле і пропаведзі па-беларуску з павагі да роднай мовы і беларускамоўных прыхаджан, якія прыходзяць маліцца цэлымі сем’ямі. Ужо каторы год высілкамі прыхода арганізоўваюцца розныя святы і мерапрыемствы, дзе гучаць беларускія песні і беларуская мова (напрыклад, надоечы адбыўся «Траецкі фэст», пры ўдзеле гуртоў «Палац», «Гарадскі вал», музыкі-дудара Уладзіміра Бярберава («Ліцвіны»).
Пры прыходзе ўжо тры гады дзейнічае Школа практычнае генеалогіі (радаводу), якую ўзначальвае беларускамоўны выкладчык, супрацоўнік нацыянальнага архіва, кандыдат гістарычных навук Вадзім Урублеўскі.
Адным з доўгачасовых і самых сур’ёзных праектаў прыхода ёсць цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля», у працы якога вялікая ўвага надаецца захаванню традыцыйных беларускіх сямейных вартасцяў, важнае значэнне мае выкарыстанне беларускай мовы і трапных прыкладаў вуснай народнай творчасці.
У розныя гады прыход станавіўся пляцоўкай для выступу беларускіх паэтаў, бардаў, музыкаў (Анатоля Кудласевіча, Андрэя Мельнікава, Таццяны Беланогай, творчага дуэта «Маестат» і іншых). Па жаданні вернікаў таемствы Хрышчэння і Вянчання адбываюцца на беларускай мове. Ці трэба доўжыць прыклады таго, што наш прыход не варожы беларускасці?
Разам з тым настаяцель і святары не засяроджваюць адмысловай ўвагі на тых ці іншых нацыянальных і палітычных ідэях і каштоўнасцях, бо пакліканне Царквы Хрыстовай палягае зусім у іншым. Святары імкнуцца, каб прыхаджан аб’ядноўвала галоўнае. І хоць мы можам быць рознымі паводле паходжання і перакананняў (ці ўвогуле на іх увагі не акцэнтаваць), мы едныя ў галоўным. Ніводзін з нашых святароў ніколі не агучваў імперскіх і шавіністычных ідэй, справядліва адгукаючыся пра падобныя псеўдаправаслаўныя з’явы досыць крытычна.
Датычна падрыхтоўкі святочнай праграмы да 3 ліпеня: святары, і праўда, не бралі ў ёй удзелу, а адборам песень і творчых нумароў займаўся асобны чалавек і выбіраў іх на ўласны густ і разуменне.
Пры гэтым згаданая песня так падчас свята і не прагучала, затое былі пранікнёныя песні пра Беларусь, што цалкам адпавядала кантэксту Дня Незалежнасці.
І нарэшце, мы на нашым прыходзе пачуваемся адзінай хрысціянскай сям’ёй, і калі б гэтая песня прагучала, то ўсе б успрынялі гэта натуральна, без палітычных канатацый і правакацый. Калі хтосьці хоча ў гэтым пераканацца, калі ласка, прыходзьце да нас – апроч беларускіх заспяваем расейскія, украінскія, польскія, грэчаскія, армянскія і іншыя песні.