Турцыя і Расія падпісалі міжурадавае пагадненне аб будаўніцтве дзвюх ліній газаправода «Турэцкі паток». Дакумент быў падпісаны па выніках перамоў прэзідэнтаў Уладзіміра Пуціна і Рэджэпа Эрдагана, якія прайшлі ў Стамбуле.

Reuters

Дакумент быў падпісаны ў прысутнасці прэзідэнтаў. З расійскага боку яго падпісаў міністр энергетыкі Аляксандр Новак, з турэцкай — міністр энергетыкі і прыродных рэсурсаў Берат Албайрак.

Выступаючы на сумеснай з Эрдаганам прэс-канферэнцыі пасля падпісання, Уладзімір Пуцін заявіў, што дамова прадугледжвае зніжку на газ для турэцкіх пакупнікоў.

Раней кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер казаў, што падпісанае пагадненне прадугледжвае будаўніцтва дзвюх нітак магістральнага трубаправода па дне Чорнага мора. «Магутнасць кожнай ніткі 15,75 млрд кубаметраў газу», — сказаў Мілер.

Першая нітка газаправода будзе прызначаная для паставак газу турэцкім спажыўцам, сказаў Мілер. Яна будзе завершаная ў другой палове 2019 года. Другая нітка будзе выкарыстоўвацца для паставак у Еўропу, дакладнай даты завяршэння яе будаўніцтва Мілер не назваў.

Раней прадстаўнікі расійскага канцэрну заяўлялі, што газаправод «Турэцкі паток» павінен стаць адзіным маршрутам для паставак расійскага газу ў краіны ЕС, які дазволіць зняць рызыкі транзіту праз Украіну.

Эрдаган на прэс-канферэнцыі заявіў, што працы па «Турэцкім патоку» з боку Турцыі будуць паскораныя.

Праект «Турэцкі паток» плануецца дацягнуць да турэцка-грэчаскай мяжы і стварыць там газавы хаб, з якога, як меркаваў «Газпром», еўрапейскія спажыўцы змогуць забіраць паліва. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?