Кампанія Google вырашыла спыніць сканаваць змест лістоў карыстальнікаў Gmail для персаналізацыі рэкламы. Пра гэта паведаміла кіраўнік воблачных сэрвісаў кампаніі Дайан Грын.
Новаўвядзенне пачне дзейнічаць у 2017 годзе (канкрэтныя даты ў паведамленні не названыя).
Грын адзначыла, што рашэнне прывядзе рэкламу ў Gmail у адпаведнасць з рэкламай у іншых сэрвісах, дзе яна залежыць ад карыстацкіх наладаў.
Сканаванне лістоў для падбору персаналізаванай рэкламы выклікала незадаволенасць карыстальнікаў. У 2014 годзе Google пасля судовага пазову адключыла яго ў адукацыйнай версіі Google Drive. Як піша The Verge, гэтая практыка перашкаджае Google ў працы з кліентамі карпаратыўнай версіі сэрвісу, G Suit, хоць там яна таксама адключаная.
Як піша Ars Technica, Google працягне сканаваць лісты карыстальнікаў для іншых мэтаў - у тым ліку пошуку вірусаў і фільтра спаму.