Большасць каталонцаў заўтра прыйдзе на ўчасткі і прагаласуе за незалежнасць, прагназуе 42-гадовая Наталля Жукоўская.
Яна жыве ў 120-тысячным горадзе Матаро за 30 км ад Барселоны.
«У нас спакойна і святочна», — расказала Наталля «Нашай Ніве» ў суботу ўвечары, напярэдадні рэферэндуму.
Рэферэндум прызначаны на нядзелю 1 кастрычніка. Цэнтральны ўрад Іспаніі дабіўся прызнання галасавання незаконным. На думку Наталлі Жукоўскай, спробы цэнтральнага ўрада забараніць і сарваць рэферэндум паспрыялі мабілізацыі каталонцаў.
Чытайце таксама на каталонскім партале: EN DIRECTE: Recta final per al referèndum
«Іспанскі ўрад не перастае далучаць новых людзей, калі не прыхільнікаў незалежнасці, дык ахвотных галасаваць», — іранізуе Наталля.
Сцяг каталонскіх незалежнікаў.
Па яе словах, паліцыя здолела сканфіскаваць толькі частку бюлетэняў. «Каталонскі ўрад паабяцаў, што заўтра на ўчастках будуць і бюлетэні, і скрыні. Дарэчы, заўчора на мітынгу, што ладзіла ў нас адна з незалежніцкіх партый, раздавалі бюлетэні ўсім ахвочым, без абмежавання ў адны рукі», — расказвае яна.
«Дэталі плана дзейнасці ў выпадку, калі паліцыя будзе захопліваць участкі і канфіскоўваць скрыні, урад не агучыў, але запэўніў, што магчымасць прагаласаваць будзе забяспечана ў кожным выпадку, — кажа Наталля Жукоўская. — Асабісты план нашай сям'і — заўтра а 5-й раніцы быць на ўчастку. Да гэтага заклікала кааліцыя ў падтрымку рэферэндуму. Такім чынам мы сваёй прысутнасцю абаронім месцы для галасавання», — дабаўляе Наталля.
На мітынгі каталонскіх незалежнікаў дачка Наталлі Жукоўскай заплятае ў косы дзве стужачкі: беларускую і каталонскую.
Нарадзілася Наталля Жукоўская ў Баранавічах. Скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. У Каталоніі жыве ад 2001 года. Захавала цудоўную беларускую мову і повязі з радзімай і былымі аднакурснікамі.
Заўтра на ўчастак яна збіраецца пайсці разам з мужам.