Усяго сёлета ў школе набралі чатыры першыя класы. Беларускамоўным стаў 1А. Незвычайна, што ініцыятыва паступіла зверху.
«Па загадзе Міністэрства адукацыі ў сувязі з тым, што Фрунзенскі раён самы густанаселены, а колькасць беларускамоўных класаў вельмі нізкая, вырашылі адкрыць у раёне яшчэ пяць класаў», — апісвае сітуацыю тата Андрэй Казановіч, які прывёў у 1А сына Макара.
Калі ў беларускамоўнай гімназіі №4, якая непадалёк, класы перапоўненыя, то тут бацькі перажывалі, што ахвотных не набярэцца.
«Мы запісваліся восьмымі, таму стаяла пытанне, адчыняць клас ці не», — успамінае Андрэй.
З дзецьмі на роднай мове ён размаўляе з маленства. Кніжкі па-беларуску пампуе на сайце kazki.by або бярэ ў бібліятэцы літаратуру па-руску і адразу пры чытанні перакладае. «Мне важна, каб дзеці чулі нашу мову, бо гэта мова маіх бацькоў, гэтай зямлі», — кажа тата.
Дырэктарка 151-й школы Алена Быкоўская.
Дзеліцца, што Макар пайшоў у школу з задавальненнем. Хлопчык ужо ўмее чытаць, лічыць і настроены на вучобу. «Школа — гэта другая сям’я», — падбадзёрвае яго тата.
Адны бацькі першапачаткова шукалі беларускамоўны клас для дзяцей, іншыя даведаліся пра яго, калі прынеслі дакументы ў школу, і вырашылі аддаць дачок і сыноў менавіта сюды.
«Па-першае, гэта вельмі патрыятычна. Па-другое — тут індывідуальны падыход. У іншых першых класах амаль па 30 вучняў, а ў нашым — 13», — расказвае мама Кацярына Малаткова.
Яе дачка Алеся рыхтавалася да школы ўвесь мінулы год. Хадзіла на заняткі, каб прывыкаць да класнай атмасферы — правільна сядзець за партай, выконваць заданні. Для сваіх 6 гадоў, заўважае Кацярына, дачка вельмі самастойная. Напярэдадні малая сама выбірала ўбор, у якім з’явіцца на лінейцы.
«Яна як на свята ішла, — усміхаецца мама. — І для мяне гэта вельмі хвалююча — новы этап у жыцці дачкі».
Класным настаўнікам у дзяцей будзе малады хлопец Мікалай Кахтэнка. Ён толькі скончыў педагагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава.
«У мяне маці настаўніца, таму чатыры гады назад яна і мне прапанавала звязаць сваё жыццё з настаўніцкай дзейнасцю», — дзеліцца Мікалай.
Родам ён з горада Шуміліна. Бацькі маленькіх вучняў гэтаму факту нават рады: кажуць, людзі з рэгіёнаў больш лагодныя.
Для Мікалая гэты клас таксама першы. Хлопец не хавае: хвалюецца. Паўночы не спаў, рыхтаваўся да ўроку.
— Што будзеце рабіць, калі хтосьці з дзяцей расплачацца? — пытаемся.
— Як бы самому не расплакацца! — жартуе педагог. — Буду суцяшаць, што яшчэ рабіць?
Свой паход у школу ў якасці першакласніка ён, дарэчы, дагэтуль памятае. Кажа, што так разроўся, што маме давялося паўдня прасядзець з ім за партай за кампанію.
Але ў сённяшніх яго вучняў настрой нашмат лепшы. Пра бацькоў, здаецца, дзеці нават не ўспамінаюць — з цікавасцю разглядаюць падручнікі і суседзяў па парце, якія стануць іх прыяцелямі на бліжэйшыя некалькі год.
Чытайце яшчэ: