Аляксандр Глеб гуляў за «Штутгарт», «Арсенал», «Барселону», некалькі разоў за БАТЭ, «Бірмінгем», «Крылы Саветаў», турэцкія клубы, а скончыў кар'еру ў падмінскай «Іслачы».

Аляксандр Глеб гуляў за «Штутгарт», «Арсенал», «Барселону», некалькі разоў за БАТЭ, «Бірмінгем», «Крылы Саветаў», турэцкія клубы, а скончыў кар'еру ў падмінскай «Іслачы».

— Як вашы справы? Чым займаецеся?

— Усё добра, цяпер займаюся тым, што прыносіць задавальненне [Аляксандр Глеб з'яўляецца членам выканкама Беларускай федэрацыі футбола, бярэ ўдзел у афіцыйных мерапрыемствах — НН]. У меру сваіх сіл спрабуем развіваць беларускі футбол.

— Калі сфармуляваць, Аляксандр Глеб цяпер — гэта..?

— Самае галоўнае — чалавек, які займаецца любімай справай, у якой больш-менш разбіраецца.

— Вам крыху не хапіла для атрымання трэнерскай ліцэнзіі катэгорый А і В у Кіеве. Працягнулі навучанне ў Беларусі?

— Так, але цяпер гэта зойме яшчэ больш часу. Тады мне не хапіла амаль месяца: не далі здаць апошнія экзамены. Цяпер наганяю выпушчанае. Дзякуй кіраўніцтву Беларускай федэрацыі футбола за тое, што пайшлі насустрач і дазволілі працягнуць навучанне.

— Энтузіязм стаць трэнерам не знік?

— Калі ёсць вольны час, то чаму б і не. Футбол — любімая справа, якой прысвяціў столькі часу, нешта ў гэтым разумею. Вядома, хацелася б паспрабаваць. Не кажу, што дакладна стану трэнерам, але, калі ёсць магчымасць паглядзець, ці тваё гэта, трэба карыстацца.

— Многія футбалісты адразу не бачаць сябе ў трэнерстве. Вы ўяўляеце, што стаіце ля броўкі і кіруеце камандай?

— Раней я сапраўды гэтак жа разважаў. Разумею, што трэнерская дзейнасць у корані адрозніваецца ад працы футбаліста. Перад трэнерам стаіць вельмі шмат задач і пытанняў, якія трэба старацца вырашаць. Трэба надаваць гэтаму яшчэ больш часу, чым у бытнасць футбалістам: вучыцца і развівацца. Працаваць трэнерам-вельмі няпроста. Хочацца скончыць навучанне і паспрабаваць сябе ў гэтай якасці, а там будзе відаць.

— Здаралася, што трэнеры працавалі і без ліцэнзіі. У вас былі прапановы?

— Магчымасць была, але я не адчуваў, што гатовы стаць трэнерам. Для гэтага патрэбныя веды і досвед працы ў камандзе спецыялістаў, якія ўжо практыкуюць, каб адчуць спецыфіку. А кідацца ў гэта з галавой, калі яшчэ не набраўся вопыту, — няправільна.

— Стыль якіх трэнераў вам сімпатычны?

— На сусветнай арэне падабаюцца Артэта (трэнер «Арсенала»), Клоп («Ліверпуль»), Анчалоці («Рэал») і Гвардыёла («МанСіці). Цяпер шмат добрых спецыялістаў. Мяне прыцягвае атакуючы, хуткі і камбінацыйны футбол — за такім прыемна назіраць. Вядома, гэтыя каманды могуць выбіраць сабе лепшых футбалістаў, узровень якіх дазваляе будаваць любую сістэму гульні.

Чытайце таксама:

Унікальны выпадак: галкіпер зборнай Паўднёвай Афрыкі адбіў у чвэрцьфінале чатыры пенальці з пяці!

Целаахоўнік Месі стаў удзельнікам незвычайнага інцыдэнту, баронячы Ліянэля ў Ганконгу

Матч на Суперкубак Беларусі па футболе адклалі на тыдзень з-за выбараў

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
4