Вечарына, прысвечаная 170‑годдзю з дня народзінаў нацыянальнага паэта Беларусі Францішка Багушэвіча (21.03.1840, фальварак Свіраны Віленскага павета — 28.04.1900), адбылася 21 сакавіка ў Мінску.

Даследчык жыцця і творчасці Багушэвіча, літаратуразнаўца Уладзімір Содаль назваў Багушэвіча «найсумленнейшым чалавекам сваёй эпохі, хто ўпершыню сказаў такія словы пра нашую мову, якія пра яе да яго ніхто не казаў». Паводле слоў Содаля, разам з іншымі беларускімі прарокамі Багушэвіч прывёў Беларусь да незалежнасці. «І сёння наш клопат — памнажаць яго спадчыну», — сказаў даследчык.

Паводле яго слоў,

у 1888 годзе Багушэвіч наведаў Мінск па сваіх адвакацкіх справах і жыў на кватэры свайго калегі Вяржбіцкага у доме, які знаходзіўся каля сённяшняга знаку «Пачатак усіх дарог» на Кастрычніцкай плошчы.

«І хаця імём паэта названа плошча на перакрыжаванні вуліц Няміга і Клары Цэткін, мінчукі і госці сталіцы не ведаюць пра гэта, бо ў маршрутах грамадскага транспарту няма прыпынку «Плошча Багшушэвіча», а на ёй адсутнічае мемарыяльная шыльда ў гонар гэтага тапоніма», — адзначыў Содаль.

Удзельнікам вечарыны быў паказаны відэафільм пра Багушэвіча «Роднае слова» (аўтар сцэнарыя Уладзімір Содаль). Затым прысутныя напісалі III Агульнанацыянальную дыктоўку паводле прадмовы да зборніка Багушэвіча «Дудка беларуская».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?