Барадулін — патрыярх сучаснай беларускай літаратуры. Ёсць і старэйшыя (дзядзьку Рыгору ў лютым споўнілася 75), і больш пладавітыя (хоць і Барадулін выдаў пад сотню кніжак). Але такіх паэтаў — якія стварылі сваю мову, свой хранатоп, сваю паэтыку…

Як вы памятаеце, сваё 75-годдзе Рыгор Барадулін сустрэў у рэанімацыі: напярэдадні ў паэта здарылася цяжкае запаленне лёгкіх з ацёкам, тэмпература была пад 40 градусаў. Але лекары шпіталя Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта (у народзе яго завуць «лечкамісія») паставілі народнага паэта на ногі. Дзядзька Рыгор чакаў лета, каб паехаць у родную хату ва Ушачах.

— Ушачы — гэта мае асноўныя лекі, — прызнаўся нам Барадулін у садзе ля роднай хаты. — Бо ўсе пігулкі, усе адлечванні ў лякарні — гэта ўсё драбяза. Ва Ушачах я і здаравейшы, і маладзейшы, і не так галава баліць… Наогул, калі казаць высакамоўна, — гэта вяртанне да каранёў. Сапраўды, гэта добра сказана. Тут ты ўрос — і пакуль ты жывеш, ты будзеш на тым месцы, дзе ты нарадзіўся, дзе ты гадаваўся…

Ва Ушачах народнага паэта землякі любяць: за апошнія гады абкрадалі тры разы. У кабінеце майстра на гарышчы зладзеі, не здолеўшы запаліць святло, карысталіся свечкаю — пазалівалі воскам шматлікія дыпломы, кнігі з аўтографамі, часопісы, лісты, нататкі… Скончылася тым, што Барадулін звярнуўся да мясцовай міліцыі — і паставіў хату на сігналізацыю. Праблема знялася — колькі разоў сігналізацыя спрацоўвала, міліцыя прыязджала аператыўна — але гэта быў ці кот, ці вецер. Адпаведныя цыдулкі ад міліцыянтаў паэт штораз знаходзіць на стале: былі ў гэткі дзень, у гэткі час, усё праверылі — парадак!..

— Да вайны на нашай вуліцы была брукаванка, цяпер застаўся маленечкі кавалак — як млечны зямны шлях… — кажа народны паэт. — Яе збіраюцца заліць цяпер асфальтам, дык усе мясцовыя радуюцца. А для мяне гэта — як заліць асфальтам кавалак душы. Бо апроч гэтай брукаванкі, тут мала што засталося з маленства…

Барадулін падыходзіць да брамкі і паказвае.

— Вунь там жыла мая хросная матка Міклашэўская… Тут былі Васількі, у яго было шэсць дачок. Аднойчы ён звярнуўся да суседа: «Ты ведаеш, Васіль, якое ў мяне гора?.." А той яму: «Не кажы, мая таксама нарадзіла…» Цяпер застаўся толькі адзін сусед — Васіль Бялеуш, маладзейшы за мяне. Ён распавёў нядаўна, як некалі старшыня райспажыўсаюза Залман Шмуілавіч Салавей сказаў: «Ты прывязі мне дроў, толькі адну бярозу». Ён яму прывёз усе яловыя дровы, і толькі адну бярэзіну. Той крычыць: «Што ты мне прывёз?!« — «Ты ж прасіў адну бярозу, я табе і захапіў адну бярозу!» Вясёлыя былі людзі…

Дзядзька Рыгор па стане здароўя цяпер практычна не робіць нічога ў хаце. Разбірае старыя кнігі і часопісы, парадкуе запісы…

— Я па-ранейшаму раблю запісы «Ушацкага словазбору», пішу патроху вершы. Стараюся ўспомніць нешта ушацкае — гэтым і жыву.

Дзядзька Рыгор згадвае, што як быў малы — усіх пераседжваў у лазні.

— Старая была над рэчкай, я там дужа любіў парыцца… Цяпер у грамадскую я не хаджу, але хаджу да свайго суседа Васіля, у яго тут лазня. Але, вядома, столькі ўжо не магу праседзець, як раней…

Ва Ушачах дзядзьку Рыгору вершы прыходзяць лепш, чым у Мінску.

— Я ў Мінску ўсё жыццё пражыў, як на кватэры, — кажа Барадулін. — А тут я дома…

Толькі вершы Рыгору Барадуліну пішуцца цяпер збольшага сумныя. Я спытаўся, як мяркуе паэт, ці шмат хто цяпер разумее ягоную паэзію?

— Баюся, каб я сам да канца разумеў. Каб не дажыць да таго, што не будзеш разумець сам… — пачуў я адказ ад народнага паэта Беларусі.

    Рыгор Барадулін
    Вершы. Ліпень 2010.
    Песня пеўня, серп маладзічка,
    Годная шляхцянка-брукаванка.
    Тая, што мановая фіранка,Болей даспадобы малатку
    Дах даладжваць, а не дамавіну.
    П’ю, пакуль не выпрастаю спіну,
    Роднае паветра па глытку…
    * * *
    Ты нясеш дадому
    Ўнучку-стому,
    Адпачынак жмурыцца здалёк.
    Сумна пасівеламу самому
    Бачыць, як сівее васілёк…
    * * *
    Роспач, ненажэрная ў дзяльбе,
    Прагне ўлады над жывой прасторай.
    Як бы кепска ні было табе,
    Суцяшайся тым,
    Што будзе горай.
    * * *
    Паэзія — не прафесія,
    Паэзія — гэта агрэсія!
    * * *
    Згубіўшы галаву,
    Хаджу як сам не свой.
    Жыву і не жыву.
    Заву саву ўдавой.
    Хлусні сваёй хлушу,
    І стаўлю ля стаўка
    За грэшную душу
    Я свечку-жаўрука.
    Мне ўтульна сон прысніць
    У ветра ў рукаве.
    Крапліста воск звініць,
    А галава плыве…

. Ушачы-Мінск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?