Анатоль Сідарэвіч можа ўзначаліць сацыял-дэмакратаў.

Анатоль Сідарэвіч можа ўзначаліць сацыял-дэмакратаў.

26 верасня адбылося апошняе перад партыйным з’ездам пасяджэнне Цэнтральнага Камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Вёў пасяджэнне Алег Трусаў.

Статутам партыі прадугледжана, што Цэнтральны Камітэт зацвярджае кандыдатуры на пасады старшыні, першага намесніка старшыні і намеснікаў старшыні БСДП. А выбірае старшыню ўжо з’езд.

ЦК зацвердзіў кандыдатуры Анатоля Сідарэвіча і Валерыя Фралова на пасаду старшыні партыі. Мечаслаў Грыб, якога таксама вылучалі, узяў самаадвод.

Сідарэвіч — адзін з айцоў-аднаўляльнікаў беларускай сацыял-дэмакратыі.
Ён адзін з ветэранаў незалежніцкага руху. Гэта гісторык культуры, адзін з найлепшых беларускіх літаратуразнаўцаў. У жыцці ён прынцыпова беларускамоўны чалавек. Сваіх прыхільнасцяў у прэзідэнцкай кампаніі 2010 года Сідарэвіч публічна не акрэсліваў. Але ягоныя непрыязныя адносіны з лідэрам кампаніі «Гавары праўду» Уладзімірам Някляевым вядомыя ад сярэдзіны 1990-х. Тады, разам з Алесем Разанавым, Сідарэвіч вінаваціў Някляева ў злоўжываннях у часопісе «Крыніца». У той жа час Сідарэвіч у свой час рэзка крытыкаваў і лідэра Руху за Свабоду Аляксандра Мілінкевіча, і дырэктара Беларускага ліцэя Уладзіміра Коласа, і лідэра Народнага Фронту Зянона Пазняка.
Генерал Фралоў прыйшоў у партыю ў 2000-х. Ён праславіўся арганізацыяй мітынгаў за яднанне з Расіяй.
У кампаніі 2010 года падтрымаў Андрэя Саннікава.

Каго б ні абралі на старшыню, першым намеснікам старшыні стане рэгіянальны актывіст. На гэтую пасаду вылучаныя Ірына Вештард са Смаргоні і Ігар Маслоўскі з Берасця.

Цікава, што ў шэрагах сацдэмаў шмат жанчын — гэта асабліва выяўна ў параўнанні з іншымі партыямі, дзе кабетаў мінімум.

У выніку з шасці прэтэндэнтаў на пасады трох намеснікаў старшыні БСДП — аж чацвёра прадстаўніц колісь «другога» полу. Гэта, акрамя Вештард, яшчэ Валянціна Болбат (Кудлацкая) з Верхнядзвінска, Ганна Канюс з Берасця і Аляксандра-Вольга Тыгрыцкая з Менска.

Паказальна, што ў спісе кандыдатаў няма цяперашняга лідэра партыі, філосафа Анатоля Ляўковіча, што праславіўся лаялісцкімі артыкуламі ў «Советскай Белоруссіі». Як бачым, не пасобіла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?