Беларускі інвестыцыйны форум адкрыўся сёння ў Франкфурце-на-Майне. Гэта ўжо трэці падобны форум: першы прайшоў у 2008 годзе ў Лондане, другі — у 2009-м у Мінску. Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, цяперашняе мерапрыемства праводзіцца ў рамках Еўрапейскага фінансавага тыдня.

Беларускую дэлегацыю на форуме ўзначальвае прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі.

У яе склад таксама ўваходзяць кіраўнікі міністэрстваў, ведамстваў, галіновых канцэрнаў, прадпрымальніцкіх саюзаў, вядучых прадпрыемстваў. Усяго ў інвестыцыйным форуме возьмуць удзел больш чым 150 прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, дырэктарскага корпусу і дзелавых колаў Беларусі.

Фармат працы канферэнцыі прадугледжвае правядзенне двух пленарных пасяджэнняў на тэму "Чаму выгадна інвеставаць у эканоміку Рэспублікі Беларусь?" і "Як інвеставаць у Рэспубліцы Беларусь?", а таксама чатырох паралельных секцый, арганізаваных у форме подыумнай дыскусіі.

У рамках круглага стала на тэму "Банкаўская дзейнасць і інвестыцыйная прывабнасць фінансавага рынку" плануецца абмеркаванне інвестыцыйнай прывабнасці банкаўскага і фінансавага сектара Беларусі.

У ходзе секцыі "Новыя магчымасці развіцця інфраструктуры ў рамках Мытнага саюза Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан (транспарт, лагістыка, будаўніцтва, турызм)" будуць прадстаўлены праекты будаўніцтва транспартна-лагістычных цэнтраў ва ўсіх абласцях Беларусі, праект мадэрнізацыі вытворчасці ААТ "Гомельшкло" і арганізацыі прамысловай перапрацоўкі ліставога паліровачнага шкла для патрэб будаўнічай галіны, праект будаўніцтва іпадрома і спадарожнай інфраструктуры ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і каняводства ў Ратамцы Мінскага раёна.

Перспектыўныя кірункі для інвеставання ў сферы прамысловасці і сельскай гаспадаркі і магчымасці прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў будуць абмяркоўвацца на трэцяй секцыі.

Мэтай правядзення чацвёртай секцыі "Інавацыі ў энергаэфектыўнасць. Экалогія. Аднаўляемыя крыніцы энергіі" стане дэманстрацыя інвестыцыйных праектаў у сферы энергетыкі, энергазберажэння і экалогіі, накіраваных на павышэнне энергаэфектыўнасці, вырашэнне экалагічных праблем.

На форуме будзе прадстаўлена 160 праектаў коштам больш чым 14 млрд. рублёў. У тым ліку ў рамках працы секцый удзельнікам форуму будзе прэзентавана больш за 40 інвестыцыйных праектаў у самых розных сферах беларускай эканомікі на агульную суму больш за 6,5 млрд. долараў. Дадаткова ў прэзентацыйных матэрыялах патэнцыяльным інвестарам будзе прадстаўлена яшчэ больш за 100 інвестыцыйных прапаноў на 7,5 млрд. долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?