Пра гэта беларускі прэм’ер заявіў на канферэнцыі ў Маскве.

Тое, што старанна хаваецца ўнутры краіны, Міхаіл Мясніковіч агучыў у Маскве. Урад Беларусі вядзе з расійскімі інвестарамі перамовы аб продажы сямі буйных дзяржкампаній. Ён агучыў спіс.

Паводле яго слоў, абмяркоўваецца купля «Гродна Азота» «СІБУРам» і «Раснафтай», «Нафтана» — «ЛУКОЙЛам», «Белтрансгаза» — «Газпрамам», Мазырскага нафтазавода — «Раснафтай», дзярждолі беларускага МТС — «спадаром Еўтушэнкавым», МАЗа — «Расейскімі машынамі» і «Растэхналогіямі», «Інтэграла» — «Растэхналогіямі».

«Перамовы маглі б быць больш дынамічнымі», — сказаў ён, адказваючы на ​​пытанне аб тым, наколькі актыўна вядуцца перамовы.

На пытанне, ці абмяркоўваецца купля «Уралкаліем» «Беларуськалія», Мясніковіч адказаў: «Пакуль у іх прапанова не сфармулявана. Я не ведаю, можа, яны не хочуць».

Гаворачы аб прагрэсе ў пытанні прыватызацыі «МАЗа» «КАМАЗам», М. Мясніковіч паведаміў, што была абраная кампанія-ацэншчык, і ацэнка «МАЗа» была праведзена. «Гэта трэба спытаць у спадара Чэмезава, чаму ён тры месяцы выбіраў кампанію, якая будзе ажыццяўляць ацэнку», — сказаў беларускі прэм’ер, каментуючы зацяжку тэрмінаў перамоў.

Асобна Мясніковіч прызнаў, што ў выпадку «Белтрансгаза» — «гэта ўпершыню ў гісторыі Еўропы, калі суверэнная дзяржава адмаўляецца ад газатранспартнай сістэмы на карысць партнёра па Мытным саюзе».

Паводле яго слоў, у аўторак пытанні формулы цаны на газ для Беларусі і прыватызацыі «Белтрансгаза» абмяркоўваліся на сустрэчы з прэм’ерам РФ Уладзімірам Пуціным. «Я думаю, што будзе разумны кампраміс», — сказаў Мясніковіч.

Ягоныя словы цытуюць інфармацыйныя агенцтвы.

Прыватызацыя беларускіх актываў была адной з умовай выдачы Беларусі антыкрызіснага крэдыту ЕўрАзЭС. Дагэтуль Беларусь застаецца краінай з найвялікшай доляй дзяржаўнай уласнасці. Аднак прыватызацыя найважнейшых прадпрыемстваў капіталам Расіі, можа прывесці да ўзмацнення залежнасці — і без таго татальнай.

Цікава, што два расійскія прадпрыемствы паспяшаліся абвергнуць словы Мясніковіча.

У расійскім «СІБУРы» здзіўленыя заявай беларускага прэм’ера. На прадпрыемстве кажуць, што ніякіх перамоваў аб набыцці «Гродна Азота» яны не вядуць, паведамляе «Інтэрфакс».

Амаль адразу ж яго словы абвергла і «Раснафта». Там заявілі, што

беларускія прадпрыемствы «ў цяперашніх умовах ім нецікавыя».

Такія абвяржэнні можна расцаніць як торг. Масква лічыць, што беларускія фінансы знаходзяцца ў такім стане, калі можна і пацягнуць час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?