Брытанская юрыдычная фірма McCue and Partners, якая раней займалася судамі супраць тэрарыстычных груповак, ініцыюе спробу распачаць прыватны судовы пераслед Аляксандра Лукашэнкі,
піша The Independent.

McCue and Partners дзейнічаюць па даручэнні руху Free Belarus Now, створанага беларускімі дысідэнтамі, а таксама сваякамі зніклых і катаваных.

Спачатку фірма меркавала распачаць працэс супраць Лукашэнкі ў брытанскім судзе, аднак для гэтага трэба, каб Лукашэнка знаходзіўся ў Брытаніі. Тады юрысты пайшлі іншым шляхам.

Яны збіраюцца апублікаваць сваё 68-старонкавае дасье на Лукашэнку і спадзяюцца, што ахвяры лукашэнкаўскага рэжыму, а таксама юрысты ў розных краінах пададуць у суд на беларускага кіраўніка.
«Калі юрысты па ўсім свеце распачнуць супраць Лукашэнкі судовы пераслед, ён зможа падпасці пад іх юрысдыкцыю», — кажа старэйшы партнёр фірмы Джэйсан Мак-К’ю.

McCue and Partners пакуль не кажуць, з фірмамі якіх краінаў яны плануюць дамаўляцца, але зразумела, што прыярытэтнымі будуць фірмы Расіі, Венесуэлы, В’етнама і краінаў Цэнтральнай Азіі, з кіраўнікамі якіх у Лукашэнкі цёплыя і прыязныя адносіны.

За апошнія шэсць месяцаў следчыя сабралі для McCue and Partners шакуючыя паказанні ад некаторых арыштаваных і зняволеных у беларускіх турмах, многія з якіх падвяргаліся там катаванням, у тым ліку ад кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева і Алеся Міхалевіча.

Кампанія спадзяецца, што гэта створыць прэцэдэнт у барацьбе супраць парушэнняў правоў чалавека ва ўсім свеце.

Аднак

той факт, што напачатку фірма мела распачаць судовую справу ў Брытаніі, а цяпер абмяжоўваецца заклікам да юрыстаў іншых краін, можа сведчыць, што рэальнай магчымасці арганізаваць за межамі Беларусі працэс аб парушэннях правоў чалавека ў нашай краіне, не бачыцца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?