У судзе Савецкага раёна Гомеля 16 лістапада пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы на падставе артыкула 9.3 КоАП (абраза) на падставе пратакола, складзенага ў дачыненні да начальніка службы ўласнай бяспекі ўпраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Гомельскай вобласці Алега Аляксандрава.

Карэспандэнту БелаПАН суддзя Юрый Валашыненка спачатку дазволіў прысутнічаць на разглядзе справы, але Аляксандраў падаў хадайніцтва аб правядзенні пасяджэння ў закрытым рэжыме. Супрацоўнік КДК заявіў, што «незаконныя дзеянні міліцыі» зняважылі яго гонар і годнасць, а з прычыны таго, што ён мае пэўны сацыяльны статус, не жадаў бы, каб акалічнасці справы былі даведзены да ведама публікі. Суддзя задаволіў хадайніцтва, і карэспандэнту БелаПАН прапанавалі пакінуць залу пасяджэння.

Сведкамі па справе аб абразе з`яўляюцца супрацоўнікі міліцыі, пацярпелым — таксіст. Міліцыянеры паведамілі, што 6 кастрычніка прыкладна ў 23 гадзіны два супрацоўнікі ППСМ прыбылі на Рэчыцкую шашу па заяве таксіста ў службу «102» аб тым,

што кліент не заплаціў па лічыльніку.
Прыбыўшы на месца здарэння на Рэчыцкай шашы, міліцыянеры высветлілі, што пасажыр не заплаціў за праезд і падняўся ў кватэру. Міліцыянеры прайшлі туды. Дзверы адчыніў мужчына, які адразу стаў адмаўляць, што вінен за таксі. Таксіста, паводле слоў супрацоўнікаў ППСМ, ён назваў «казлом» і ўсяляк грубіў.
На просьбу назваць сябе і прайсці ў аддзел для разбору мужчына пачаў пагражаць міліцыянерам непрыемнасцямі, называць іх «сяржанцікамі», «тупымі асламі».
«Ён казаў, што з`яўляецца палкоўнікам і мы пашкадуем, калі звяжамся з ім», — адзначылі міліцыянеры. Грамадзянін, паводле слоў супрацоўнікаў ППСМ, хапаў іх за форменнае абмундзіраванне, тыкаў пальцам у кукарду на форменнай шапцы, спрабаваў ударыць, міліцыянеры ўтрымлівалі яго за рукі. Таксіст тым часам выклікаў падмацаванне з міліцыі, растлумачыўшы, што міліцыянераў б`юць. У выніку прыехаў нарад, грамадзяніна даставілі ў Савецкі РАУС. Ад праходжання агляду на прадмет алкагольнага ап`янення ён адмовіўся.

Пасля здарэння, паводле слоў міліцыянераў, грамадзянін, а гэта быў начальнік службы ўласнай бяспекі УДФР КДК па Гомельскай вобласці, напісаў заяву з просьбай прыцягнуць міліцыянераў да крымінальнай адказнасці за перавышэнне ўлады. Праверку ў дачыненні да міліцыянераў праводзіць следчы аддзел пракуратуры Гомельскай вобласці. 8 лістапада тэрмін праверкі быў працягнуты на месяц.

Начальнік следчага аддзела пракуратуры вобласці не каментуе інцыдэнт. Раней начальнік службы ўласнай бяспекі працаваў там следчым.

Паводле слоў міліцыянераў, яны напісалі звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта, КДБ, КДК з просьбай аб`ектыўна разабрацца ў гэтай справе і прыцягнуць вінаватага да крымінальнай адказнасці за злоўжыванне ўладай. З Адміністрацыі прэзідэнта зварот быў перасланы ў Камітэт дзяржкантролю.

На першым пасяджэнні Аляксандраў сваю віну не прызнаў. Разгляд справы працягнецца пасля яўкі ў суд таксіста.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?