Знаходжуся пад вялікім уражаннем ад таго, што адбылося.

Звычайная восеньскі дзень. Дзесьці, а палове 12-й заходжу ў краму. Усё адбываецца вельмі хутка.

У чарзе, як звычайна ў гэты час, большасць людзей сталага ўзросту. І тут раптам дзядуля апускаецца на зямлю. Яму дрэнна. Адной рукой трымаецца за касавы стол, а іншай хапаецца за касіра. Маладая дзяўчына спыняе працу і разгублена застывае ў нямым маўчанні з працягнутай рукой.

Першай спахапілася бабуля каля мяне:

— Мужчыны! Мужчыны, дапамажыце!

— Лепш хай ляжыць, мо ў яго што з сэрцам, — адказаў патэнцыйны ратавальнік, накіроўваючыся да алкагольнага аддзела.

Зразумеўшы, што дапамогі ад моцнага полу не дабіцца, паказваючы на «адміністратара», пышную жанчыну год за 40, якую, здавалася б, каб і бомбы падалі, не вывесці з раўнавагі і не заставіць рухацца, бабуля прысаромела:

— Чаго стаіш, рохля?! Тэлефануй у хуткую! Што глядзіш, усе праз касу ходзім, ніхто нічога не ўкрадзе!

А дзядуля, чырвоны, з шырока раскрытымі вачыма, поўнымі слёз, лежачы на падлозе і не маючы сілы падняцца, перабірае ў руках свае капейчыны, і тут зверху яму перадаюць яшчэ ці то яго рэшту, ці тое, што ён ужо паспеў аплаціць у касу.

Не ведаю, ці прыехала хуткая, ці жывы гэты дзядуля. Не ведаю, хто тут вінаваты і што няправільна. Але ўпэўненая, што павінна быць іначай. Патрэбныя людзі не толькі для кантролю і здзеку, але і для дапамогі і абароны. Мы хочам адчуваць бяспеку, павагу, спакой і ўпэўненасць. Праблема не толькі ў тым, што мы не ведаем, як дзейнічаць, але ў агульнай людской абыякавасці, нейкай сардэчнай скамянеласці, счарсцвеласці, безыніцыятыўнасці, імкненні хавацца за спіны іншых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?