Матчавую сустрэчу першага раунда II групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса паміж Беларуссю і Малдовай 10 лютага адкрыюць першы нумар нашай каманды Уладзімір Ігнацік (215-ы ў сусветным адзіночным рэйтынгу) і другі нумар малдаван Раман Барванаў (252). Гэта стала вядома па выніках лёсавання, якое адбылася 9 лютага.

Услед за імі на корт выйдуць другі нумар беларусаў, дэбютант Кубка Дэвіса Дзмітрый Жырмонт (574) і першы нумар прыезджай каманды Раду Албот (260).

На парную сустрэчу ў суботу ад беларусаў заяўлены шматгадовы лідар зборнай 34-гадовы Максім Мірны (3-е месца ў парным рэйтынгу) і Аляксандр Буры (184). Малдааване спынілі свой выбар на дуэце Андрэй Горбан (1612) — Максім Дубарэнка (639).

У заключны дзень спаборніцтваў, у нядзелю, паміж сабой пазмагаюцца першыя і другія нумары каманд. Спачатку згуляюць Ігнацік і Албот, а затым Жырмонт і Барванаў.

Варта адзначыць, што гэта лёсаванне па вялікім рахунку носіць фармальны характар.

Паводле правілаў Кубка Дэвіса капітаны могуць замяніць гульцоў за гадзіну да пачатку гульняў. З упэўненасцю можна сцвярджаць, што пары сапернікаў будуць выглядаць у адпаведнасці з лёсаваннем, мабыць, толькі ў пятніцу.
Хоць, паводле слоў капітана беларускай каманды Сяргея Цяцерына, тэарэтычна замена магчымая і ў першы дзень матчавай сустрэчы, аднак для гэтага неабходна падаць пэўныя дакументы, напрыклад, медыцынскую даведку аб тым, што тэнісіст не можа выйсці на корт з-за стану здароўя.

У рэйтынгу Кубка Дэвіса зборная Беларусі займае 51-е месца, а малдаване знаходзяцца на 77-й пазіцыі. Раней гэтыя каманды паміж сабой не сустракаліся.

Гульні адбудуцца на кортах мінскага Палаца тэніса. 10 лютага пачатак першага адзіночнага матчу ў 13.00, 11 лютага парная сустрэча стартуе ў 15.00, 12 лютага першы адзіночны паядынак пачнецца ў 13.00. Уваход свабодны.

Пераможца матчу ў наступным раундзе ў пачатку красавіка згуляе з найлепшай камандай пары Турцыя — Боснія і Герцагавіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?