Нашыя паўднёвыя суседзі разумеюць велізарнае духоўнае значэньне Эвангельляў. Украінскія прэзыдэнты даюць клятву на Перасопніцкім Эвангельлі ХVІ ст. — адным з найбольш старых напісаных стараўкраінскай мовай. Беларускія кіраўнікі могуць толькі зайздросьціць суседзям.

Ад найстаражытнейшага пэргаміннага Тураўскага Эвангельля ХІ ст. захавалася 10 аркушаў, якія перахоўваюцца ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. У Вільні знаходзіцца і Мсьціскае Эвангельле XIII — пач. XIV ст., і Жыровіцкае Эвангельле (Эвангельле Сапегі). У Расейскай нацыянальнай бібліятэцы ў Пецярбургу захоўваюцца полацкія эвангельлі. У бібліятэцы Акадэміі навук Украіны — Аршанскае Эвангельле ХІІ—ХІІІ ст. Лаўрышаўскае Эвангельле, багата ілюмінаваны рукапіс XIV ст., захоўваецца ў бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве.

Беларускі апракос

Лаўрышаўскае Эвангельле, дарэчы, як і Аршанскае, зьяўляецца поўным апракосам — яно складаецца з эвангельскіх тэкстаў на ўсе дні літургічнага году, акрамя будных дзён вялікага посту. У адрозьненьне ад іх у апракосах кароткіх (знакамітае Астрамірава Эвангельле) эвангельскія тэксты прызначаліся толькі на суботы і нядзелі, а таксама на будныя дні асобных пэрыядаў літургічнага году.

Ужо першы дотык да фаліянту, які захоўваецца як найвялікшы скарб у спэцыяльным футарале, загорнуты ў мяккую тканіну, выклікае ў дасьледчыка хваляваньне. Вокладку — драўляныя дошкі, абцягнутыя малінавым аксамітам, зрабілі ў XVIII ст. На першай — фігурная медная плакетка з выявай сьв.Дзмітрыя Салунскага, аздобленая смарагдамі і рубінамі, на апошняй — плакетка з укрыжаваным Хрыстом. Арыгінальная аправа манускрыпту, відаць, была абцягнута цісьнёнай скурай. Мода на раменьчыкі, якімі цяпер завязваюцца дошкі, прыйшла пазьней.

Мова Наваградчыны

Першапачаткова тэкст пісаўся на пэргамінных лістах. Яны складаліся ў асобныя сшыткі — кожны сшытак звычайна распачынаў новы пісар — і падшываліся ў кнігу. Вокладка так моцна злучыла сшыткі, што цяжка вызначыць іх колькасьць.

Эвангельле напісана ў дзьве калёнкі пераважна карычневым атрамантам уставам — вельмі выразным почыркам. Але вялікая колькасьць скарачэньняў, лігатур, адсутнасьць прабелаў між словамі і знакаў прыпынку робіць распазнаваньне тэксту няпростай справай.

Паасобныя абзацы пачынаюцца вельмі прыгожымі ініцыяламі зялёнага альбо чырвонага колеру. Рознымі фарбамі былі выкананы і мініятуры — сьв. Міхала Арханёла, эвангелістаў Яна, Мацея, Лукі. Васямнаццаць мініятур засталіся непафарбаванымі, гэта альбо дасканалая гравюра, альбо ледзь пазначаны эскіз пяром.

Паводле мовы Лаўрышаўскае Эвангельле — царкоўнаславянскі рукапіс так званай рускай рэдакцыі, які паўстаў на мяжы ХІІІ і ХІV ст. Аднак моўныя асаблівасьці прывязваюць яго да Наваградчыны, а менавіта манастыром Багародзіцы ў Лаўрышаве (Наваградзкі раён), заснаваньне якога зьвязваюць з міндоўгаым сынам Войшалкам. У Лаўрышаве Эвангельле захоўвалася да ХІХ ст. Як яно трапіла ў Кракаў — загадка.

Мікрагісторыя Наваградчыны

Ужо на тытульнай старонцы Эвангельля ёсьць некалькі запісаў. У адным зь іх указваецца: «Се азъ князь Олексанъдро Володимировичъ и своию княгинею московъкою и своими детми далъ есмь десятину Святой Богородіцы оу Лаврошевъ манастырь и с Турца оу веки». Два іншыя фундушавыя запісы належаць князю Дзьмітрыю Альгердавічу і мясцоваму шляхцічу Волчку Ескавічу.

Час стварэньня кнігі праясьняе нататка на с. 88 «Ф.Коріата князя новогородского року 1329» (лічба запісана кірылічнымі літарамі) — пачатак XIV ст. На старонках Лаўрышаўскага Эвангельля фігуруюць імёны Гаўсовічаў, Харытановічаў, Глябовічаў, Пратасовічаў, Лебедзевічаў, Шубічаў і іншых беларускіх родаў. На падставе шматлікіх укладных запісаў можна рэканструяваць ня толькі гісторыю помніка, але і штодзённае жыцьцё наваградзкай шляхты, якая шчодра ахвяравала маёмасьць на манастыр.

Справа факсыміле

На жаль, помнікаў XIII—XIV ст., падобных да Лаўрышаўскага Эвангельля, у Беларусі няма. Але сучасныя тэхнічныя сродкі дазваляюць наблізіць гэтыя культурныя здабыткі да беларускага чытача. Напрыклад, зрабіць факсымільнае выданьне Эвангельля, як у Расеі перавыдалі славуты Радзівілаўскі летапіс. Праект дарагі, але спадзяёмся, што ў Беларусі яшчэ ёсьць дабрадзеі, якім не абыякавы лёс нашай культуры.

Зьвяртаемся да беларускіх мэцэнатаў: выкарыстайце шанц пакінуць сваё імя ў гісторыі беларускай культуры, далучыцеся да выданьня бесьсьмяротнага помніка старажытнай духоўнасьці — Лаўрышаўскага Эвангельля! Магчымых дабрадзеяў просім зьвязвацца з рэдакцыяй штотыднёвіка «Наша Ніва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0