Прыгадаўшы, як падчас Памаранчавай рэвалюцыі ў пік Майдану Януковіч спрабаваў стварыць свой бела-сіні, падумаў, чаму б нашым уладам не адкалоць падобны фокус? Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Распарадак дня жыхароў намётавага мястэчка «Мерзьні за бацьку!» і плян дзеяньняў на 22.03.06 – 23.03.06

22.00. Зьяўленьне на Кастрычніцкім пляцы моладзі з чырвона-зялёнымі сьцягамі, якая пратэстуе супраць агучаных ЦВК вынікаў выбараў. Плякаты: «Ярмошына хлусіць!», «Дастала!», «Нас кінулі!». Натоўп канцэнтруецца на прыступках Палацу Рэспублікі.

22 гадзіны 16 хвілін 33 сэкунды. Вядоўца агучвае зьвесткі незалежных экзыт-полаў. Аказваецца, за Яго прагаласавала не 82%, а 99,998%. Натоўп абураецца хлусьнёй ЦВК. Чуюцца сьвіст і крыкі.

22.30. Вядоўца прапаноўвае паставіць на плошчы намёты і стаяць, пакуль ЦВК не абвесьціць сапраўдныя вынікі галасаваньня. Бурныя воплескі.

22.45. Вядоўца абвяшчае пра пачатак беларускай «рапсавай рэвалюцыі», прыхільнікі якой мусяць набываць і насіць бутэлькі з айчынным рапсавым алеем.

22.46–23.32. Усталёўка намётаў. Адказны за дастаўку намётаў і іх усталёўку – інжынэрны полк Мінабароны.

23.47. Выстаўленьне аховы лягеру. Адказны за людзей і іх выстаўленьне – Цэнтральны РУУС.

00.02. Адбой. Удзельнікаў лягеру спэцаўтобусамі перавозяць на начоўку ў гатэль «Юбілейны».

8.00. Пад’ём. Удзельнікі перавозяцца з гатэлю і займаюць свае месцы ў намётах.

9.00. Правакацыі баевікоў апазыцыі. Жыхар лягеру пакінуў мястэчка, каб скарыстацца прыбіральняй па-за яго межамі, і вярнуўся… жывы-здаровы. Спэцрэпартаж БТ наконт таго, якімі таннымі сродкамі апазыцыя намагаецца манапалізаваць імідж пакутнікаў і перасьледаваных.

11.00. Спантанны прыход менчукоў да лягеру. Усе трымаюць бутэлькі рапсавага алею – сымбалю рэвалюцыі, – горача дэманструюць падтрымку жыхаром мястэчка і таксама перадаюць ім ежу. Заўвага: рэктарам ВНУ забясьпечыць яўку студэнтаў і жорстка яе пракантраляваць. Да тых, хто паспрабуе зафілоніць або зьесьці «хаўчык», прызначаны для жыхароў лягеру, ужыць гэткую меру, як выключэньне.

15.00. Абед жыхароў лягеру ў рэстарацыі «Журавінка».

17.00. Візыт у лягер замежных дыпляматаў з Узбэкістану, Туркмэністану і Ірану. Туркмэнскі амбасадар прапаноўвае прысутным у лягеры былым студэнтам ЭГУ, якіх выключылі па палітычных перакананьнях, закончыць вучобу ў Ашгабадзкай Найвышэйшай Акадэміі Конегадоўлі імя Туркмэнбашы.

18.31. Стыхійны масавы мітынг. Дастаўка ўдзельнікаў з прадпрыемстваў пад пагрозай прыпыненьня кантракту.

18.46. Гайдукевіч заяўляе, што не нясе адказнасьці за маладых люзей, якія могуць замерзнуць на пляцы. Усе дружна скандуюць «Ганьба!».

19.00. Канцэрт гурту «Сябры», які вянчае гіт «Слухай Бацьку». Публіка слухае мэлёдыю з запальнічкамі. Адказны за пажарную бясьпеку – Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.

21.00. З экрану Ярмошына вызнаецца, што падтасавала выбары. Сапраўдная лічба – 99,999%. Агульнанародная радасьць. Беларуская «рапсавая рэвалюцыя» перамагла!

Зацьвярджаю

Камэндант намётавага лягеру

Лелік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0