09.10.2015 / 21:28

«Яшчэ раз, і вылеціце адсюль!» — як я правёў адзін дзень на выбарчым участку 20

Журналіст Еўрарадыё Алесь Пілецкі цэлы дзень лічыў колькасць тых, хто прагаласаваў, а потым параўнаў з пратаколамі камісіі. Вынік уражвае.

Датэрміновае галасаванне на выбарах 2015 года пачалося 6 кастрычніка. Яно працягваецца 5 дзён. Участкі адчыняюцца ў 10 гадзін, зачыняюцца — у 19. З 14-ай да 16-ай перапынак. У іншым — усё як у дзень галасавання. Іду на адзін з мінскіх участкаў, каб убачыць усё на свае вочы. Участак у памяшканні «Дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па настольным тэнісе», Прытыцкага, 16. І не адзін, а цэлыя тры — 109-ы, 110-ы і 111-ы. Усё ў адным памяшканні — тры участкі, тры сталы з чырвонымі абрусамі, тры скрыні для галасавання і тры камісіі з трыма старшынямі.

9.50

Прыходжу да ўчастка, каб не прапусціць ніводнага выбаршчыка. Стратэгічная мэта — палічыць іх і параўнаць з пратаколамі камісій, якія вывешваюцца напрыканцы кожнага дня. Ля дзвярэй за столікам сядзіць маладая міліцыянерша, за зачыненымі дзвярыма гоман. Падцягваюцца назіральнікі ад БХК (яны сочаць толькі за 109-м участкам). Дзверы адчыняюцца толькі ў 10.00. Заходзім, у пакоі са скрынямі поўна людзей — гэта члены камісій. Чым яны тут займаліся перад нашым прыходам, можна толькі здагадвацца.

10.00

Пытаюся ў члена камісіі са 109-га участка, ці можна мне сёння з імі папрацаваць. Дыялог атрымліваецца непрадказальным:

— Добры дзень. Я журналіст. Сёння буду з вамі цэлы дзень на участку. Я хацеў бы час ад часу рабіць фота, размаўляць з людзьмі на калідоры.

— Ну, ведаеце… Гэта непажадана, зразумела.

— Я толькі за межамі участка. У мяне ёсць афіцыйная акрэдытацыя. Спытаюся пра ўражанні, чаму галасуюць датэрмінова.

— Ведаеце, гэта таксама непажадана.

10.20

Людзі пацягнуліся галасаваць. За першыя 20 хвілін на ўсіх трох участках прагаласавала 10 чалавек. Палова — моладзь. Некаторыя першы раз галасуюць — члены камісій раздаюць вусныя віншаванні. Але ўражання спланаванасці працэсу няма — людзі прыходзяць па адным, без чэргаў.

10.40.

На ўчастку з’явілася радыё — прынёс адзін з «камісараў». Уключылі. З дынамікаў даносіцца вясёленькая песня:

«Ну где же ручки?
Ну где же ваши ручки?
Давай поднимем ручки
И будем танцевать!»

Апошняе слова ў галаве само сабой замяняецца на «галасаваць».

11.00

Прагаласавала ўжо 20 чалавек. А я трапляю ў скандал. Ну, як скандал — скандальчык. Назіральніца ад БХК, якая сочыць за участкам №109 раптам пазнае адну з галасуючых. Гучна кажа: «Дык вы ж учора галасавалі ўжо!?» У памяшканні пачынаецца шорах — члены камісіі некуды пачынаюць тэлефанаваць, прыходзяць яшчэ незнаёмыя мне людзі. Апазнаная жанчына ўсё ж атрымлівае бюлетэнь, галасуе і ўцякае за дзверы. Я за ёй. Даганяю толькі на прыступках, задаю пытанне, чую, куды мне трэба ісці ў самы бліжэйшы час. Зганьбаваны вяртаюся на ўчастак (уся працэдура займае каля 30 секунд), ля дзвярэй натыкаюся на члена выбарчай камісіі са 111-га участка. Знаёмімся:

— Яшчэ раз такое, і вы вылеціце адсюль!

— Што менавіта?

— Вы не маеце права прыставаць да людзей!

— Я проста размаўляў.

— Вы не маеце права гэта рабіць!

— Слухайце, я журналіст. Размаўляць з людзьмі — мая праца. У прынцыпе, для гэтага нават не трэба быць журналістам, кожны можа размаўляць з людзьмі.

— Вы не маеце на гэта права! Яшчэ раз, і вылеціце адсюль!

У больш спакойнае рэчышча размова перацякае толькі, калі я прапаную проста зараз пазваніць з майго мабільніка Лідзіі Ярмошынай і запытацца, што я магу, а што — не. Заадно паведамляю, што з участка сыду толькі ў суправаджэнні нарада міліцыі. Здаецца, з «камісіарам» мы ўжо не будзем сябрамі. Член камісіі некуды тэлефануе, але замест міліцыі на ўчастку з'яўляецца афіцэр з МНС, які распытвае, ці ўсё ў парадку. Пасля сыходзіць і з'яўляецца ў нашай п'есе яшчэ некалькі разоў.

11.30

Людзі пайшлі на участкі цугам — прагаласавала ўжо больш за 50 чалавек

12.00

Агульная колькасць прагаласаваўшых на ўсіх трох участках за дзве гадзіны — 63 чалавекі. Цяпер гэта ў асноўным пенсіянеры альбо людзі перадпенсійнага ўзросту. Моладзі вельмі мала. Казаць, што гэтых людзей нехта гоніць ісці на выбары, язык не павернецца.

12.20

Выбаршчыкаў менее. Размаўляць з імі асцерагаюся. Раптам, насамрэч з міліцыяй выведуць з участка. Па радыё — вядомая песня пра тое, што «солнце светит всем одинаково», а «там, за окном, цветёт, бежит реальная жизнь». Не паспрачаешся.

12.30

«Мы вас віншуем і жадаем, каб вы заўсёды прыходзілі галасаваць», — членам камісіі чарговы раз трапіўся маладзён, які галасуе ўпершыню ў жыцці. Віншаванні гучаць абсалютна шчыра і ад чыстага сэрца.

12.45

У памяшканне, дзе размешчаныя участкі для галасавання, заходзіць незвычайная парачка. Мужык гадоў 40. З ім маці. Яна вітаецца з усімі членамі камісіі, сына сілком за руку цягне да свайго участка, садзіць на стул і гучна паведамляе:

«Во! Злавіла на прыпынку. На працу ехаў. Злавіла і прывяла галасаваць. Сама вечарам прыйду — пашпарт забылася. Хай сын галасуе. Галасаваць за Лукашэнку трэба, толькі за яго!»

Члены ўсіх камісій ухвальна ківаюць галовамі.

13.00

За апошнюю гадзіну прагаласавала 20 чалавек. Кожнага, хто ўваходзіць у памяшканне, адзначаю рыскай у сшытку. Потым сачу, ці атрымаў бюлетэнь. Людзей не вельмі шмат — рабіць гэта зусім нескладана.

13.20

На ўчастак зайшоў міліцыянер з кайданкамі і дубінкай. Думаю — за мной. А ён не — ідзе да чырвонага стала, дастае пашпарт. Міліцыянеры таксама галасуюць. Цікава, за каго.

14.00

Перапынак, нас з назіральнікамі выганяюць з участка. Па маіх падліках, за чатыры гадзіны (з 10-й да 14-ай) на участках 109, 110 і 111 агулам прагаласавала 105 чалавек. Назіральнікі ад БХК кажуць, што ў папярэднія дні было менш — плынь выбаршчыкаў відавочна расце са дня на дзень. Пасля абеду павінна яшчэ больш павялічыцца.

15.45

Прыходжу яшчэ раней, чым перад адкрыццём участкаў. Раптам што ўбачу. За дзвярыма чую галасы, міліцыянтка побач, чытае кнігу. З памяшкання раз-пораз выходзяць члены камісіі. Папаліць. Ні мяне, ні назіральнікаў не пускаюць.

16.00

Заходжу ў памяшканне, адразу позіркам правяраю скрынкі для галасавання. Перад перапынкам шчыліны ў іх апячаталі палоскай паперы. На адной са скрынак (з участка 110) заўважаю сарваную пячатку. Паказваю на яе рукой назіральніку. Члены камісіі адводзяць вочы.

16.15

Пасля перапынку выбаршчыкаў значна паболела. Прыходзяць прыкладна раз на хвіліну. Агулам прагаласавала ўжо 120 чалавек.

16.30

Плынь людзей. Адзначаю аднаго за адным.

17.00

З 16-ай па 17-ую гадзіну прыйшло прагаласаваць ажно 70 чалавек. Гэта пакуль дакладна рэкорд дня. Назіральнікі кажуць, што такога раней не было. Агулам па стане на 17-ую гадзіну, па маіх падліках, прагаласавала 175 чалавек. У асноўным, людзі сярэдняга ўзросту. Пенсіянераў і студэнтаў адносна няшмат.

17.30

Людзей стала крыху менш, але ідуць. Ужо 200 налічыў. Члены камісій, здаецца, да маёй прысутнасці прызвычаіліся. Але я не злоўжываю. Хочацца даседзець да канца дня і падлічыць усіх выбаршчыкаў.

18.00

236 чалавек. Усе як адзін пазначаныя ў маім сшытку. Складваецца ўражанне, што я марную час. Людзі насамрэч галасуюць актыўна. У траўні быў на прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы. Такога там не бачыў нават у дзень галасавання.

18.30

Прыйшла пенсіянерка, заявіла, што галасаваць хоча па пенсійным пасведчанні. Назіральнікі тлумачаць, што гэта не парушэнне. Калі яна ёсць у спісах, а ў дакуменце — фота, то ўсё нармальна. Камісія мае поўнае права выдаць бюлетэнь.

19.00

Нарэшце гэты дзень скончыўся. Мне ўжо амаль усё адно, што ўбачу ў выніковых пратаколах. У мяне ў сшытку роўна 289 рысачак — столькі выбаршчыкаў па маіх падліках за адзін дзень, 8 кастрычніка прагаласавала сумарна на ўчастках 109, 110 і 111 па адрасе Мінск, вуліца Прытыцкага, 16.

Члены камісій моўчкі вывешваюць на стэнд пратаколы за дзень. У іх — колькасць выдадзеных для галасавання бюлетэняў. 109-ы участак — 152, 110-ы — 140, 111-ы — 82. Агулам — 374. Атрымліваецца, што 85 чалавек я проста не заўважыў, хоць не выходзіў з участка ні на хвіліну. Тым больш, і зрок у мяне не ідэальны.

0
mikola ramanau / Адказаць
09.10.2015 / 21:52
doma tre noc pravodzic z zonkai...
0
belariy / Адказаць
09.10.2015 / 21:52
выдатна ))
0
Inhvar / Адказаць
09.10.2015 / 21:56
А што вы хацiце ад дурыбараў?
Паказаць усе каментары/ 20 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру