30.10.2015 / 16:38

Адкрыты ліст Зінаіды Бандарэнка да землякоў: Станем падтрымкай бацькам Героя Міхаіла Жызнеўскага 40

Дарагія гамельчукі! Звяртаюся да вас па дапамогу. Мы ўсе павінны аб'яднацца і стаць апірышчам і падтрымкай бацькам Героя Нябеснай сотні Украіны, нашага суайчынніка Міхаіла Жызнеўскага.

Ён сапраўдны Герой! Сын беларускага народа аддаў сваё маладое жыццё дзеля свабоды народа Украіны, і я ўпэўнена, што на яго подзвігу будуць выхоўвацца будучыя пакаленні.

Успомнім нашых хлопцаў, што калісьці, у сярэдзіне 1930-х гадоў мінулага веку, перад пачаткам Другой сусветнай вайны, ваявалі за свабоду далёкай ад нас Іспаніі. Імі мы ганарыліся і ганарымся зараз: яны змагаліся з фашызмам. Колькі фільмаў, літаратурных твораў на гэту тэму кранулі сэрцы і нават лёсы людзей з усяго свету! Я ўпэўнена, што пройдзе час, і пра нашага Мішу будуць складаць песні, напішуць кнігі і здымуць фільмы. Але так хочацца, каб дачакаліся гэтага бацькі Героя — Ніна Васільеўна і Міхаіл Пятровіч Жызнеўскія.

Скажу, як думаю. Наша колішняе савецкае выхаванне дагэтуль не адпускае нас, яшчэ нямала па-ранейшаму сляпых і глухіх. Выхоўвалі нас, дзяцей, на прыкладзе Паўліка Марозава, вучылі любіць уладу, якой бы яна ні была. У Гомелі я заканчвала сярэднюю школу №34 Чыгуначнага раёна, якая месцілася ля Палескага пераезда, праз плот амаль у адным двары з прыгожай царквой. Цяпер там манастыр. Помню, як аднойчы на Вялікдзень да нас, чацвёртакласнікаў, звярнулася настаўніца з загадам: «Вечарам усім надзець чырвоныя гальштукі, прыйсці на вячэрнюю службу і глядзець, хто з бацькоў, старэйшых братоў і сясцёр будзе ў царкве. Заўтра расказаць!»

Вядома, амаль усіхнія бацькі, і мая мама сярод іх, былі там. Свята ж якое! Мы, дзеці, былі зачараваны ўсім, што адбывалася ў храме. Раніцай не глядзелі адзін на аднаго, з хваляваннем чакалі настаўніцу. Я сядзела, нізка апусціўшы галаву на парту, а сэрца калацілася. Калі б пачула пытанне настаўніцы да сябе, то проста разраўлася б. Ды, о Божачка, які цуд! Настаўніца нечакана кажа: «У нас зараз геаграфія. Што было зададзена? Валя Курчанская, да дошкі». Не ведаю, як усё адбывалася ў тую раніцу ў іншых класах — «выхаваўчае» ж заданне атрымалі тады ўсе настаўнікі. Але, думаю, што і ў іншых хапіла розуму не рабіць той страшны допыт.

Адгортваю час назад, калі была ўжо ў 7-м класе. 3—5 сакавіка, 1953 год. Пахаванне Сталіна. На ўсіх дамах, над школай, у кожным класе сцягі з чорнымі стужкамі. Заходзіць выкладчыца па матэматыцы Н.Б. Цогліна. Убачыла сцяг і загаласіла, а мы за ёй. Гэта быў нават не плач, а роў галасоў, істэрычны роў. Відовішча было жахлівае…

Так што ж мы хочам ад нашых людзей, якія, тады яшчэ дзеці, зараз даўно ўжо не маладыя і выхоўваюць на свой манер унукаў і праўнукаў? Моцная была пры Саветах сістэма выхавання любові да ўлады. Але калі раней сваю «выхаваўчую» работу выконвалі галоўным чынам настаўнікі і радыё, то цяпер у асноўным — расійскія і расійска-беларускія тэлеканалы. Няма больш моцнага сродку кадзіравання насельніцтва, чым афіцыйныя СМІ з адыёзнымі пісакамі і вядоўцамі.

У свой час ім прыйдзецца трымаць адказ за маральную шкоду, якую нанеслі яны глядацкаму электарату. I тая жанчына, якая проста па-вар'яцку паставілася да Вас, дарагая Ніна Васільеўна Жызнеўская, у лякарні, — яна ж глядзіць толькі «савецкае» тэлебачанне, а «Народную Волю», безумоўна, не чытае. Чаго ж іншага ад яе і ёй падобных чакаць? Даруйце ёй, калі ласка, яна няшчасны чалавек, хаця гэтага сёння не адчувае і не разумее. А Вы, паважаная Ніна Васільеўна, нягледзячы на незваротную і заўчасную згубу сына, — шчаслівая маці: выгадавалі такога мужнага і светлага чалавека, які і па той бок жыцця — з намі, з тымі, хто хоча міру, дабра і шчасця Беларусі, Украіне і ўсяму свету.

Мой родны Гомель, гамельчукі! Ганарыцеся сваім земляком, сваім сынам! Можа, вы бачылі схопленыя камерай кадры, калі ўпаў з куляй у сэрцы Міша Жызнеўскі, — і тут жа быў сын армянскага народа Сяргей Нігаян. Па афіцыйных каналах гэтыя кадры, само сабою, не паказвалі. А калі бачыш — узнікае такое моцнае і высокае пачуццё: не шкадуючы свайго жыцця, два прыгожыя маладыя хлопцы розных нацыянальнасцяў гінуць за волю другога народа. I гэта не кіно, не прыдумка, а трагічны пранізлівы міг жыцця — акт сапраўднага гераізму дзеля нас усіх. Гібель іх, якую мы шчыра аплакваем, не выпадковая і не дарэмная. На такіх жыццёвых прыкладах выхоўваецца пачуццё дружбы, узаемнасці, дапамогі паміж народамі куды мацней, чым афіцыйнае заключэнне гучных дамоўленасцяў аб розных міждзяржаўных саюзах.

Хачу звярнуцца і да супрацоўнікаў гомельскай міліцыі — як выдатнік Беларускай міліцыі, калісьці некаторым дзеячам мастацтва надавалі такія званні. Ваш гонар і прамы абавязак — спыніць акты вандалізму адносна помніка Міхаілу Жызнеўскаму. Сваёй працай вы не раз даказвалі, што можаце раскрыць складаныя справы.

Паважаныя Ніна Васільеўна і Міхаіл Пятровіч, трымайцеся! Не хварэйце, будзьце мужныя, як Ваш сын. Вы павінны дажыць да тых шчаслівых дзён, калі перад Вамі будуць расступацца людзі з цёплымі, добразычлівымі ўсмешкамі.

Мне вельмі знаёмае пачуццё, калі жывеш, а ўлада цябе не бачыць. На жаль, чыноўнікі сустракаюцца і не надта чуйныя. А яны павінны стварыць Вам лепшыя ўмовы жыцця, улічваць Вашы патрэбы, прымацаваць да іншай лякарні. Вы гэта сапраўды заслужылі!

Дзякуй Вам за Вашага Мішу! Ведайце: беларускія грамадзяне-патрыёты падтрымліваюць Вас.

Нізка кланяюся Вам да зямлі.

Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка Беларусі, «Народная воля»

0
Lilia / Адказаць
30.10.2015 / 17:31
Напішу цынічна. Маці Жызнеўскага спекулюе на памяці сына, з якім яна гадамі не камунікавала. Яна гадамі не цікавілася сынам, ёй было ўсё роўна, як ён жыў, а цяпер пасля таго, як ёй купілі кватэру, яна яшчэ ўкраінцам прад'яўляе прэтэнзіі, што ёй мала далі грошай. А вось тое, што яе травяць, гэта трэба перажыць ці пераехаць ва Украіну. Іншага шляху няма, прысвояць Міхаілу Героя Украіны ці не прысвояць, гэта не зменіць стаўлення тых, хто травіць. Некаторым украінскім маці таксама цяжка, калі яны жывуць на ўсходзе краіны, там такая ж сітуацыя, як у Беларусі. Яе ўкраінцы і так падтрымліваюць як могуць, толькі вось удзячнасці не атрымліваюць. То кветак на мемарыяле Жызнеўскага няма, то грошы ёй не дадалі. Як так можна?
0
Кастусь Жукоўскі. / Адказаць
30.10.2015 / 18:26
Lilia, Для любой маці галоўнае - каб сын быў жывы! Пра Грошы вы хлусіце. Пра тое што "пераехаць на Украіну" Гэта права Ніны Васільеўны дзе жыць. Статус "Герой Украіны" адразу прымусіць мясцовую уладу ахоўваць помнік! Слава Украіне!
0
1 / Адказаць
30.10.2015 / 18:31
Lilia,далучаюся. Калi гэтая мацi апошнi раз бачылася з сынам ? Чаго ён зьбег з дому ? Непрыгожа неяк усё.......
Паказаць усе каментары/ 40 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру