12.05.2006 / 21:44

Павал Севярынец. Вясна на Лясной вуліцы

Вясна ў Малое Сітна прыходзіць позна – у Менску ўжо траўка, у Полацку асфальт блікуе пад сонцам, а тут, на Поўначы, лясы ўсё яшчэ стаяць па калена ў глыбокіх сьнягох. Пара бруду ў хаце, гумавых ботаў на працы й абвастрэньня хранічных хваробаў у пэнсіянэраў – усё-такі і ў вёсцы вясна ёсьць вясна.

Вясна ў Малое Сітна прыходзіць позна – у Менску ўжо траўка, у Полацку асфальт блікуе пад сонцам, а тут, на Поўначы, лясы ўсё яшчэ стаяць па калена ў глыбокіх сьнягох. Пара бруду ў хаце, гумавых ботаў на працы й абвастрэньня хранічных хваробаў у пэнсіянэраў – усё-такі і ў вёсцы вясна ёсьць вясна.

І калі таяньне сьнегу агаляе на гразкае, коўзкае зямлі груды сьмецьця, калі лужыны на нашай Лясной вуліцы – ад плоту да плоту – здаюцца непераадольнымі, а па тутэйшых дарогах колькі тыдняў ня езьдзяць нават лесавозы – сэрца ўсё адно радасна тахкае: вясна!

І людзкія плыні, што запаўняюць менскія плошчы, і масы каламутна-плямістага спэцназу на дарогах, і нават тоны бруду, што хлынулі з экранаў БТ і АНТ, лепш за ўсё іншае сьведчаць: вясна, вясна!..

Хай чвякае пад нагамі – затое ўжо ціўкае на дрэвах; хай адключаюць батарэі кацельнай – затое грэе надзея, хай верашчаць і гнюсавяць на ўсё горла, бы сакавіцкія каты, тэлевізійныя прапагандысты... Але ж штодня меншае ноч, штодня сьмялей у размовах вяскоўцы, штодня вальней паветра!

Вясна ўладарна рушыць па Малым Сітне. За паўдня «хімікі» нацэджваюць зь бярозы ў бліжэйшым гаі тры літры соку. Замест хакейнага інтэршуму ды п’янога мужчынскага мату з суседзкага пакою ўсё часьцей даносіцца музыка й дзявочае шчабятаньне. А на дошцы аб’яваў, дзе звычайна паведамляюць пра канцэрты раённай самадзейнасьці, вісіць абвестка полацкае санэпідэмстанцыі аб небясьпецы курынага грыпу ў пэрыяд вясновага пералёту дзікіх птушак.

Вясна разгараецца, вясна наступае. У Менску штодня флэшмобы: з вулічнае сьметніцы, бы з гіганцкае покаўкі, распускаецца капусным лісьцем «Советская Белоруссия», а пустая кардонная скрыня з надпісам «БТ» імгненна ўсьпеньваецца першакляснымі паркімі локшынамі. Інтэрнэт цьвіце ды пахне. Увечары на сталічных плітах нечакана запальваюцца агеньчыкі, і набярэжную Сьвіслачы, бы матылькі, абсядаюць сьціжмы цудоўных папяровых жураўлікаў, няйнакш з самога выраю. Штоночы сотні людзей зьбіраюцца ля турмаў ды ізалятараў, гукаючы: «Жыве Беларусь!»

І Беларусь ажывае.

Аднойчы прачынаесься ад бразгату інтэрнацкіх дзьвярэй: моцны вецер. Цёмныя хмары валам ідуць з усходу, і за вакном аж шэра ад пылу ды запозьненага сьнегу. На парозе твар залпам калючага дробу апякае сьцюжа, ад якое ўжо пасьпеў адвыкнуць. Раптам мільгае здрадніцкая думка, што ўсё гэта была нядоўгая адліга, а наперадзе шчэ бясконцыя халады, град ды бруд... Міжволі прабіраюць дрыжыкі. Адчуваньне ўзмацняюць весткі зь Менску: пасьля сакавіцкіх маніфэстацыяў ідуць павальныя вобшукі й адлічэньні студэнтаў. Узбуджана 18 крымінальных справаў, зь іх 8 – па маладфронтаўцах. У 12 гарадох КДБ дапытвае больш як 50 хлопцаў і дзяўчат, якіх вінавацяць у прыналежнасьці да «незарэгістраванага «Маладога фронту»: зараз за гэта пагражае да 2-х гадоў турмы. Хутаесься ў ватоўку, сьціcкаеш кулакі й бязгучна пра сябе молісься.

Але вось усьмешлівы вясковец паціскае руку й цішком пытае: «Ну, як там нашы ў Менску? Трымаюцца?..» – і цёпла робіцца ў сэрцы. «Чуў, нейкія эвангелісты да нас прыехалі, ля рэчкі пасяліліся, кніжкі раздаюць?..» Нарэшце, дзякуй Богу! На душы амаль сонечна. Сотні маладафронтаўцаў і проста незапалоханых людзей распачынаюць кампанію салідарнасьці – падпісваюцца ў абарону маладых змагароў, разам выступаючы ад імя «незарэгістраванай арганізацыі», і гэтым паралізуюць драконаўскую «крыміналку».

Няма ніякага сумневу, гэта ўжо дакладна ВЯСНА. Нават не пара году – Нацыянальнае Абуджэньне.

Малое Сітна

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру