Тэрмін зняволення беларуса Кірылы Сілівончыка, які быў асуджаны ў Расіі да двух гадоў калоніі-пасялення за размяшчэнне антырасійскага запісу Укантакце, сканчваўся 16 снежня.

Аднак паліцэйскія затрымалі Кірылу Сілівончыка адразу на выхадзе з калоніі. Па дадзеных актывісткі Кацярыны Максімавай, паліцыянты адвезлі беларуса ў цэнтр часовага ўтрымання для замежных грамадзян.

Пазней «Ніжагародскі Палітычны чырвоны крыж» паведаміў, што Сормаўскі раённы суд завочна пазбавіў Сілівончыка свабоды яшчэ на тры месяцы, паколькі Мінюст Расіі абвясціў яго персонай нон-грата. На працягу трох наступных месяцаў Сілівончыка маюць дэпартаваць з Расіі. Але гэтага моманту ён будзе чакаць у міграцыйнай турме.

«Сёння, 16 снежня, з калоніі яго вызвалілі, але тут жа адправілі ў міграцыйную турму — пры тым, што адміністрацыяй выпраўленчай калоніі для яго быў набыты квіток на цягнік. А Кірыла спадзяваўся Новы год сустрэць дома. Сябры-праваабаронцы з Расеі, спадзяюся на вашу дапамогу», — напісала журналістка Ірына Халіп у сваім фэйсбуку.

Сілівончык працаваў сісадмінам на ваенным заводзе ў Ніжнім Ноўгарадзе. 18 снежня 2014 года яго затрымалі на працоўным месцы і адправілі ў СІЗА. Як адзначае Халіп, за ўвесь час зняволення беларускі консул наведаў Сілівончыка толькі адзін раз.

Чытайце таксама:

Кірыла Сілівончык: беларус, асуджаны ў Расіі да двух гадоў турмы за антырасійскія заклікі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?