Птушкі — пераможцы «народнага галасавання» не раз рабіліся птушкамі года. А гэта значыць, што менавіта твой голас можа быць вырашальным!

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) абвяшчае незвычайнае анлайн-галасаванне — за птушку, якая будзе «народным кандыдатам» на званне крылатага сімвала наступнага года.

Прагаласаваць можна па спасылцы ptushki.org/birdoftheyear да 7 лютага ўключна.

У кандыдаты-2020 ужо вылучылі глушца, шэрую курапатку, шэрую валасяніцу і стрынатку-чаротаўку. Таксама можна дадаць іншы від, які раней не быў птушкай года. Пажадана, каб ён адпавядаў пэўным крытэрам.

Раней птушкамі года былі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, звычайная зязюля, вушатая сава, жаўрук-смяцюх, шчыгел, вялікі арлец.

Карына Салавей, кіраўнік аддзела развіцця АПБ, распавяла:»Кандыдатаў на птушку года заўсёды тры, але акурат пераможцы «народнага галасавання» не раз рабіліся птушкамі года. А гэта значыць, што менавіта твой голас можа быць вырашальным! Раскажы сябрам пра такую магчымасць — кожны з нас можа арганізаваць сапраўдную перадвыбарчую кампанію для ўлюбёнага віду!»

Птушку года абяруць сябры АПБ на штогадовым з’ездзе, які адбудзецца 9 лютага ў Мінску. Акрамя птушкі-намінанта, якая пераможа ў анлайн-галасаванні, дзвюх птушак-кандыдатаў прапануюць Цэнтральны савет і Сакратарыят арганізацыі.

Нацыянальную кампанію «Птушка года» АПБ праводзіць з 2000 года. Галоўная мэта кампаніі — прыцягнуць увагу беларусаў да хараства прыроды і птушак, што жывуць вакол нас, да неабходнасці іх захавання.