kremlin.ru

kremlin.ru

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім атрымала адказ на свой запыт, скіраваны да прэм'ер-міністра Сяргея Румаса. У ім яна прасіла надрукаваць дакументы, што тычаць плана інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, і былі падпісаныя 6 верасня ў Маскве на сустрэчы з расійскім прэм'ерам Дзмітрыем Мядзведзевым.

«Тое, што працэс абмеркавання інтэграцыйных працэсаў на працягу доўгага часу адбываецца за «зачыненымі дзвярыма», выклікае рост занепакоенасці ў грамадстве», — адзначыла Алена Анісім.

Ад імя Сяргея Румаса адказаў міністр эканомікі Дзмітрый Круты. У адказе ён зазначыў, што мерапрыемствы па паглыбленні інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй здзяйсняюцца на падставе рашэння рэферендуму ў маі 1995 года і ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі. Гэтыя абавязацельствы з’яўляюцца адкрытымі для грамадскасці, яны ўтрымліваюцца ў Дамове аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года і «далей за іх інтэграцыя сягаць не можа».

Разам з тым праект Праграмы дзеянняў Беларусі і Расіі па рэалізацыі палажэнняў Дамовы мае статус працоўнага, бо мае быць зацверджаны прэзідэнтамі ў снежні 2019 года, разам з пакетам адпаведных дарожных карт.

Дзмітрый Круты адзначае, што праца па падрыхтоўцы гэтых карт толькі пачалася. Менавіта ў іх будзе ўтрымлівацца дэталізацыя эканамічных дамоўленасцяў паміж бакамі.

«Таму публікацыя праекта Праграмы ў адсутнасці пакета карт супярэчыла б агульнапрынятай у свеце практыцы арганізацыі перамоваў, а таксама магла б стварыць глебу для інфармацыйных маніпуляцый і фармавання ў грамадстве скажоных уяўленняў адносна інтэграцыйнага працэсу», — падкрэсліў міністр.

«Па даручэнні прэм’ер-міністра запэўніваю Вас, што дакументы, над якімі мы працуем, не ўтрымліваюць ніякага палітычнага кампаненту і не ствараюць пагроз для суверэнітэту і незалежнасці нашай Радзімы — Рэспублікі Беларусь», — рэзюмуе Дзмітрый Круты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0