18.09.2009 / 10:54

Мілінкевіч: Уз’яднанне Беларусі — пазітыўная падзея ў лёсе беларусаў 66

Але яго нельга разглядаць асобна ад падзеяў вайны і палітыкі савецкіх уладаў у Беларусі.

Якое значэнне мелі падзеі верасня 1939? Што гэта было для беларусаў? Вызваленне Заходняй Беларусі ад «польскага гнёту» і ўз’яднанне беларускай зямлі? Сталінска-гітлераўская агрэсія супраць Польшчы і савецкая акупацыя Заходняй Беларусі?

Як у савецкай, так і ў сённяшняй Беларусі адзначаюць дату 17 верасня 1939 года, калі амаль уся тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе аднаго дзяржаўнага ўтварэння. Жахлівы парадокс: беларусы святкуюць пачатак Другой сусветнай вайны…

Уз’яднанне беларускай зямлі, якое адбылося на самым пачатку вайны, безумоўна, было пазітыўнай і важнай падзеяй у гістарычным лёсе беларусаў у ХХ ст. Але яго нельга разглядаць асобна ад падзеяў вайны і палітыкі савецкіх уладаў у Беларусі.

Савецкая прапаганда здолела шмат каго пераканаць у тым, што вайна пачалася не ў верасні 1939-га, а ў чэрвені 1941 года, што адзіным агрэсарам была нацысцкая Германія, што Чырвоная армія толькі вызваляла беларусаў і ўкраінцаў. Хоць памяць жыхароў Заходняй Беларусі аказалася мацнейшай за прапаганду. На пытанне, калі пачалася вайна, людзі сталага веку адказваюць: «у верасні 39-га».

Лічу, што

варта ставіць пытанне больш шырока: якое значэнне верасень 1939 г. меў для Еўропы, для ўсяго свету? Беларуская гісторыя – гэта частка еўрапейскай і сусветнай гісторыі. Для беларусаў, як для ўсяго свету, верасень 1939 года – гэта пачатак Другой сусветнай вайны, пачатак сусветнага пажару. І полымя гэтага пажару дашчэнту выпаліла беларускую зямлю. Загінуў амаль кожны трэці. І не толькі ад рук нацыстаў.

Падзеі верасня 1939 года сталі наступствам падпісаных у жніўні ў Маскве тайных пратаколаў вядомага «пакту Молатава-Рыбентропа», што і развязалі сусветную вайну. Гітлер і Сталін дзялілі Еўропу. Польшча стала першай ахвярай хаўруснікаў. Пры гэтым як Германія, так і СССР парушылі падпісаныя раней з Польшчай пакты аб ненападзе.

Беларуская нацыя мела права на ўз’яднанне. І яно адбылося б, раней ці пазней.
Як адбылося ўз’яднанне польскай нацыі, раздрабнёнай у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай канца XVIII стагоддзя.

Савецкая прапаганда выкарыстала ідэю ўз’яднання Беларусі для распаўсюджвання сталінізму. Даводзіцца прызнаць, што ў Заходняй Беларусі было шмат людзей, якія паддаліся на такую спрытную агітацыю. Але даваць свабоду беларускаму народу Крэмль не збіраўся. Агульнавядома, што

ў БССР была фасадная дзяржаўнасць, нэндза, ГУЛАГ, прымусовыя калгасы, вынішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі.

Але і міжваенная Польшча праводзіла палітыку асіміляцыі ў дачыненні да беларусаў.

Нацыянальны рух з ягоным імкненнем да ўз’яднання беларускай зямлі, падзеленай СССР і Польшчай яшчэ ў 1921 годзе, падаўляўся. Напрыканцы 1930-х гадоў у Заходняй Беларусі ўжо не засталося аніводнай беларускай школы, не прызнаваўся факт існавання беларусаў-каталікоў. Беларускае насельніцтва часта адчувала сябе людзьмі «другога гатунку».
Мой дзед, таксама Аляксандр Мілінкевіч, сын і ўнук рэпрэсаваных паўстанцаў 1863 году, быў адным з актывістаў беларускага руху ў 1920-я гады і адсядзеў у польскай турме за сваю грамадскую дзейнасць і барацьбу за беларускае школьніцтва.

І не дзіва, што частка беларусаў адгукнулася на абяцанкі камуністаў і ўрачыста вітала прыход Чырвонай арміі. Аднак гэтая радасць вельмі хутка змянілася расчараваннем, а потым спадзяваннем на тое, што Саветы прыйшлі ненадоўга.

Сапраўды,

новая ўлада паводзіла сябе як акупанты. А як па-іншаму трактаваць тыя перамены, што яна прынесла? Старыя жыхары Гародні ўспамінаюць жахлівыя ночы, калі людзі чакалі чарговых арыштаў, і абавязковыя вузельчыкі з самым неабходным, якія рыхтаваліся з вечару.
Вядома, што ў той жа Гародні расстрэлы «ворагаў народа» адбываліся на тэрыторыі гарадской турмы і ў прыгарадным ляску «Пышкі». Запанаваў страх, людзі перасталі давяраць нават блізкім.

Мы не маем права забыць пра людзей, якія былі рэпрэсаваныя і загінулі або ў Катыні і Курапатах, або ў Казахстане і Сібіры. Гісторыкі кажуць, што былі прымусова вывезены на Ўсход ад 130 да 300 тысячаў жыхароў Заходняй Беларусі. Больш за палову з іх не перажылі дарогі і першай зімы на новым месцы. Гэта фактычна было забойствам людзей шляхам дэпартацыі.

Вядома, што галоўнай ахвярай стала мясцовае польскае насельніцтва, але рэпрэсіі закранулі ўсіх.

Абвяшчаючы пра «вызваленне беларусаў», савецкія ўлады знішчылі апошні магутны беларускі асяродак, які дзейнічаў у Вільні. Быў тайна арыштаваны і загінуў у ГУЛАГу «патрыярх» беларускага руху Антон Луцкевіч,
гінулі іншыя.

Нацыяналізацыя прамысловасці і гандлю абярнулася чэргамі і дэфіцытам амаль на ўсе віды тавараў і прадукты.

Вёска была прыціснутая падаткамі і ліквідацыяй «кулакоў», пад якую папаў і мой другі дзед Іван Баран.
Спачатку яго разам са старэйшымі сынамі сельскі камітэт беднаты вырашыў расстраляць як «контру», але потым абмежаваліся канфіскацыяй усёй маёмасці.

Людзі, якія перажылі «першых саветаў», з жартам кажуць, што яны былі «добрыя», бо хутка зніклі.

Чалавечая памяць захавала вобраз савецкага афіцэра і чыноўніка як прыгнятальніка, як «чужога», як «ворага». І гэтую памяць цяжка знішчыць, хоць шмат каму вельмі хочацца.

Некаторыя гісторыкі сёння ізноў пішуць пра «вызваленне», пра вялікія поспехі ў развіцці эканомікі, культуры і г.д. Заходняй Беларусі, а таксама пра «некоторые издержки командно-административной системы». «Издержками» называюць забойствы соцень тысяч людзей… Пры гэтым прыкрываюцца «нацыянальнымі інтарэсамі». Упэўнены, што ў верасні 1939 года стала больш Савецкага Саюзу, але не Беларусі.

Нацыянальныя інтарэсы мусяць грунтавацца на агульначалавечых каштоўнасцях. Збліжэнне ацэнак і пошукі аб’ектыўнага падыхода Беларусі і Польшчы, Літвы, Украіны і Расіі да падзеяў верасня 1939 г. магчымае толькі тады, калі дэмакратыя запануе ва ўсіх краінах нашай часткі Еўропы, калі будуць адкрытыя засакрэчаныя архівы і адбудуцца шырокія дыскусіі паміж навукоўцамі і палітыкамі, грамадзянскімі супольнасцямі нашых краінаў.

Naviny.by

0
Bartalamiej / Адказаць
18.09.2009 / 11:28
Dobra i uzvazana napisana
0
Яўмен са Старобіна / Адказаць
18.09.2009 / 11:34
"Беларуская нацыя мела права на ўз’яднанне. І яно адбылося б, раней ці пазней. Як адбылося ўз’яднанне польскай нацыі, раздрабнёнай у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай канца 18 стагоддзя." ======================================= Так права мела! Але дзе зараз Беласток, Вільня, Дзвінск, Смаленск, Бранск, Чарнігаў?! Яшчэ раз адзначу, што Беларусь заўсёды дзялілі! І дзякуй Богу што было 17 верасьня 1939 году. А так з Мілінкевічам згодны. Але калі прыйдзе дэмакратыя, то нашыя суседзі шмат чаго шчэ пачуюць ад беларусаў. І шмат якім замежным палітыкам прыйдзецца шмат чаго прыняць ці нават памяняць свае погляды на гісторыю Беларусі і нашых этнічных земляў, каб мець добрыя адносіны с беларускім партнэрам.
0
Саянаў / Адказаць
18.09.2009 / 11:40
Мілінкевіч: Жахлівы парадокс: беларусы святкуюць пачатак Другой сусветнай вайны… ============================ Ну не ідыёт, не?
Паказаць усе каментары/ 66 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру