15 чэрвеня стала вядома, што на 43-м годзе пайшла з жыцця паэтка і мовазнаўца Святлана Явар (Святлана Барысаўна Сачанка), дачка вядомага беларускага пісьменніка Барыса Сачанкі.

Яе знайшлі ў сваёй кватэры мёртвай, з вершам, прысвечаным бацькам.

***

Сьвятлана Явар нарадзілася ў Менску 11 ліпеня 1968 году ў сям’і вядомага беларускага пісьменьніка Барыса Сачанкі. Скончыла філялягічны факультэт БДУ і асьпірантуру Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі. Працавала ў розных беларускіх выдавецтвах, ва Ўніверсітэце культуры, Нацыянальным навукова-асьветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны.

Выдала дзьве кнігі паэзіі: “Белы месяц” і “Раніца ў туманах”. 24 траўня яе верш гучаў у праграме нашага радыё "Верш на свабоду". Дзесяць гадоў таму яна была таксама аўтаркай аднайменнай праграмы і кнігі.

Пяру Сьвятланы Явар належыць шэраг навуковых дасьледаваньняў і артыкулаў у беларускім і замежным друку, а таксама нявыдадзеная манаграфія па творчасьці знанага пісьменьніка беларускай эміграцыі Масея Сяднёва.

Раьзвітаньне са Сьвятланай Явар адбудзецца 17 чэрвеня ў 15.30 у рытуальнай залі крэматорыю на Паўночных могілках у Менску.

***

Верш на Свабоду, дасланы Сьвятланай Явар 24 траўня 2011 году:

    Тут блякне ўсё, любы агонь згасае…
    А ў непрагляднай цемры ты адзін.
    Усё як быццам бы ўнутры зьмярзае,
    І лепшае ў табе ідзе на згін.
    Ты рвешся прэч – туды, дзе зьзяюць зоркі,
    Дзе месца ёсьць надзеі і вясьне,
    Ды не пускае лёс твой, вельмі горкі,
    Да тых свабод, што бачыш толькі ў сьне.
    Здаецца, паляцела б хуткай птушкай
    Адсюль у бок жыцьця, ды не пускае штось
    На волю. Колькі мару ты ні гушкай,
    Заўсёды перашкодай нешта ёсьць.
    І любіш ты радзіму, і ня хочаш
    Свой родны край пакінуць назаўжды,
    І за гадзіньнікам паныла сочыш:
    Ці прыйдзе ж вызваленьне, сапраўды?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?