Новым Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Францыі ў Беларусі стане жанчына – спадарыня Мірэй Мюсо, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у францускай дыпляматычнай місіі.
Да прызначэньня на гэтую пасаду Мірэй Мюсо працавала ў цэнтральнай адміністрацыі Міністэрства замежных справаў Францыі. Раней яна была паслом Францыі ў Грузіі, працавала дарадцай па культуры, навуцы і супрацоўніцтве, дырэктарам Французскага інстытуту ў Афінах, другой дарадцай у сталай камісіі Францыі ў Паўночнаатлянтычнай радзе ў Брусэлі, другім сакратаром у амбасадзе Францыі ў Вене і на іншых пасадах.
Мірэй Мюсо валодае францускай, расейскай, ангельскай, нямецкай, грэцкай мовамі. Яна мае дыплёмы пра вышэйшую адукацыю ў вобласьці філялёгіі, палітычных навук, абароны, а таксама ўсходніх моваў.
Да гэтага Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Францыі ў Беларусі быў Стэфан Шмелеўскі, які завяршыў сваю дыпляматычную місію. Зараз ён будзе працаваць у Міністэрстве замежных справаў Францыі і займацца пытаньнямі рэлігіі.