Летась 70 тысяч расейцаў зьніклі бязь сьледу. Міліцыянты не рэгіструюць забойстваў, каб не псаваць сабе статыстыкі - прызнаўся ў сваім рапарце генэральны пракурор Уладзімер Усьцінаў. Гэты выступ паказальны для беларусаў. Мы яшчэ раз упэўніліся, зь якой адрознай ад нас дзяржавай маем хаўрус.

Расейская міліцыя прыхавала летась больш 700 забойстваў ды болей 1,5 тыс. цяжкіх зьбіццяў, мяркуе Ўсьцінаў. Міліцыянты не рэгіструюць злачынстваў, бо гэта прымушае іх працаваць - распачынаць і праводзіць сьледзтва. Калі ж не пашчасьціць іх раскрыць, даводзіцца пісаць тлумачальныя запіскі вышэйшаму кіраўніцтву. Калі забойства замоўчваецца, значыцца, забойцы працягваюць гуляць на волі, а рапарты пастарункаў застаюцца "чыстымі".

Цяпер у Расеі жыве каля 143 мільёны чалавек. Летась зьнікла каля 70 тысяч жыхароў - насельніцтва буйнога беларускага райцэнтра. Частка зьніклых - ахвяры вайны на Каўказе. Але багата людзей выкрадзена бандамі - вынік гультайства міліцыянтаў. Абаронцы правоў чалавека кажуць, што на правінцыі сваякі загінулых нават ня йдуць у пастарунак пісаць заявы.

Генпракурор прызнаўся, што з-за карупцыі й некампэтэнтнасьці не вялося сьледзтва на 80 тыс крадзяжам, аб якіх было заяўлена ў міліцыю. Заявы людзей былі папросту "сьцёртыя" з рапартаў.

Усьцінаў намаляваў жахлівы вобраз расейскай міліцыі - але замаўчаў няздольнасьць самой пракуратуры перапыніць тыя пазазаконныя дзеяньні, у прыватнасьці, хабарніцтва, якое павуціньнем аблытала ўсю краіну.

Галоўны пракурор зьвярнуўся да сваіх падначаленых і сьледчых з прапановаю адмовіцца ад хабару ў выглядзе жытла. Але шараговыя службоўцы парыруюць: "Што вольна ваяводзе, то не табе, смуродзе". Сам Усьцінаў у 1998 г. атрымаў кватэру вартасьцю 500 тыс. даляраў ў цэнтры Масквы ад тагачаснага кіраўніка прэзыдэнцкай канцылярыі Паўла Барадзіна.

Каб навесьці парадак у імпэрыі, патрэбны немалыя высілкі. Гэта, відаць, добра разумее галоўны пракурор, які сваю прамову скончыў словамі: "Толькі вяртаньне да духоўных вартасьцяў як міліцыі, так і войска можа аздаравіць сытуацыю".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?