Пункт невяртання ў Сірыі пройдзены: Асаду не ўдаецца зламаць супраціў пратэстоўцаў, тыя ўжо не гатовыя весці перамовы з уладай.

Трымацца на плыву сірыйскаму кіраўніцтву, ад якога адвярнуліся і суседзі, і ўсе былыя саюзнікі, дазваляе толькі падтрымка Расіі.

Роўна год у Сірыі працягваецца кровапраліцце. Тысячы загінулі. Дзясяткі тысяч параненыя, арыштаваныя, падвергнуты жахлівым катаванням. Генеральная Асамблея, Рада па правах чалавека, большасць у Радзе Бяспекі, былы і дзейны генеральныя сакратары ААН, Ліга арабскіх дзяржаваў — хто толькі не спрабуе пакласці канец гвалту ці хаця б даставіць гуманітарную дапамогу ў раёны ў аблозе. Але Расія працягвае блакаваць дзеянні Рады Бяспекі ААН і працягвае пастаўляць рэжыму Асада зброю і боепрыпасы — для барацьбы, як сцвярджаюць расійскія дыпламаты, з «бандамі ўзброеных тэрарыстаў».

Сёння зручны момант, каб успомніць, з чаго ўсё пачалося і з якімі «тэрарыстамі» пачалі ваяваць год таму сірыйскія ўлады.

У пачатку сакавіка 2011 года, у горадзе Дараа на поўдні Сірыі на сцяне мясцовай школы хтосьці напісаў антыўрадавыя лозунгі — відавочна падхопленыя з егіпецкіх і туніскіх тэлерэпартажаў. Улады падышлі да справы сур’ёзна: правялі графалагічную экспертызу і «вылічылі» 15 нібыта датычных да гэтага вучняў. Зрэшты, злоўленыя дзеці (затрыманым было ад 12 да 15 гадоў) аднекваліся, а замест таго, каб адправіць да дырэктара-завуча, выклікаць бацькоў, прапясочыць на школьнай лінейцы, іх забралі ў мясцовы аддзел дзяржбяспекі і там доўга і жорстка катавалі. Як расказваў мне дзядзька аднаго з падлеткаў,

калі дзяцей нарэшце выпусцілі, іх было цяжка пазнаць: скрываўленыя твары, выдраныя пазногці, вочы, што заплылі. Гэтыя сцверджанні не галаслоўныя. Мне паказвалі фатаграфіі, відэазапісы…

Менавіта пасля здзекаў з падлеткаў жыхары Дараа ўпершыню выйшлі на вуліцы. На той момант яны патрабавалі расследавання інцыдэнту і пакарання вінаватых. Нічога крамольнага, рэвалюцыйнага, антыўрадавага і ўжо тым больш радыкальнага. Але ўрадавыя войскі адкрылі агонь.

Чатыры чалавекі загінулі, многія атрымалі раненні. А на наступны дзень, падчас пахавальнай працэсіі, вайскоўцы зноў стралялі ў натоўп, і былі новыя ахвяры.

І ўсё ж тады яшчэ быў шанец спыніцца. Правесці расследаванне, выплаціць кампенсацыі сем’ям, пакараць вінаватых, звольніць некалькі чыноўнікаў, пачаць — хоць бы для выгляду! — нейкія рэформы. Гэтыя мінімальныя меры, хутчэй за ўсё, дазволілі б Асаду прадухіліць эскалацыю канфлікту.

Але Асад і яго найбліжэйшае асяроддзе разлічылі інакш. Грунтуючыся на досведзе бацькі, сірыйскі прэзідэнт вырашыў, што найбольш эфектыўны спосаб спыніць пратэсты — гэта патапіць іх у крыві. Чым больш людзей выходзілі на вуліцы, цяпер ужо і ў іншых гарадах, тым больш звярэла войскі і асабліва службы дзяржбяспекі. Колькасць ахвяр працягвала расці, а затрыманых было столькі, што ў адзіночныя камеры набівалі па 10–12 чалавек, трымалі людзей на стадыёнах, у школах, дзіцячых садках і бальніцах.

Вайскоўцаў, якія адмаўляліся выконваць загады, расстрэльвалі на месцы.
Асаблівыя намаганні былі накіраваныя на тое, каб не дапусціць у краіну міжнародных назіральнікаў і журналістаў. Я пачала займацца Сірыяй якраз тады, у сакавіку 2011-га, і павінна прызнацца: за доўгія гады праваабарончай працы ў гарачых пунктах мне ніколі не было так складана здабываць інфармацыю.

Разлік уладаў не апраўдаўся. Гэтым разам,

нягледзячы на беспрэцэдэнтную жорсткасць, запалохаць сірыйцаў не ўдалося.
Усё больш і больш людзей па ўсёй краіне далучаюцца да пратэстаў, і нават тыя, хто прайшоў праз турмы і катаванні, страціў сваякоў або сяброў, зноў і зноў выходзяць на вуліцы.

Яны патрабуюць адстаўкі ўрада, прыцягнення да адказнасці камандзіраў і кіраўнікоў спецслужбаў, вінаватых у гібелі тысяч грамадзян. Патрабуюць дэмакратычных правоў і свабодаў. Весці перамовы дэманстранты ўжо не гатовыя, пераканаўшыся, што за прыгожымі абяцаннямі прэзідэнта стаіць толькі чарговая хваля гвалту. Усё больш вайскоўцаў адмаўляюцца выконваць загады, пакідаюць шэрагі ўзброеных сіл, пераходзяць на бок апазіцыі.

У шэрагу раёнаў краіны былыя вайскоўцы і паўстанцы, што далучыліся да іх, вядуць ўзброеную барацьбу. Сілы няроўныя, і ўрадавыя войскі не спыняюцца ні перад чым. Хомс, адзін з найбуйнейшых гарадоў Сірыі, шэраг раёнаў якога здолела захапіць апазіцыя, улады абстрэльвалі з цяжкіх гармат і трымалі ў аблозе месяц. Былі адключаныя ўсе сродкі сувязі, не давалі вывезці параненых, даставіць у горад медыкаменты і прадукты харчавання. Колькасць ахвяр і характар разбурэнняў прымусіў жахнуцца нават Валеры Амос, шэфа ААН па гуманітарных пытаннях, якую ўрэшце пусцілі ў горад, што ўжо здаўся — на некалькі гадзін. А варта было ёй з’ехаць, як у Хомсе працягнуліся бязлітасныя расправы над нямногімі пакінутымі жыхарамі і марадзёрства.

Тым не менш, Асаду не ўдаецца зламаць супраціў.

Асабіста я зразумела, што пункт невяртання пройдзены, калі адзін з былых затрыманых, які пасля некалькіх тыдняў катаванняў ледзь рухаўся, на маё пытанне: «Што далей?» — адказаў: «Як толькі змагу хадзіць, зноў выйду на дэманстрацыі. Мне больш няма чаго баяцца. Што яшчэ яны могуць са мной зрабіць? Забіць? Пасля таго, што было, гэта далёка не самае страшнае…»

Сірыйскія ўлады, мне здаецца, таксама ўжо даўно гэта зразумелі і таму так адчайна б’юцца за ўласнае выжыванне, не шкадуючы ні жанчын, ні старых, ні дзяцей.
Ад Асада адвярнуліся практычна ўсе — і заходнія краіны, што калісьці бачылі ў ім рэфарматара, які падае надзеі, і найбліжэйшыя суседзі, і былыя паплечнікі, такія як Турцыя, і, урэшце, практычна ўвесь арабскі свет.

Да гэтага часу трымацца на плыву і працягваць беспакарана знішчаць уласны народ сірыйскаму кіраўніцтву дазваляе ў першую чаргу менавіта падтрымка Расіі — і дыпламатычная, і ваенная. Колькі б ні заяўлялі расійскія лідары, што насамрэч яны, маўляў, не падтрымліваюць Асада, а толькі хочуць прадухіліць вонкавае ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы, факт застаецца фактам.

Менавіта пасля паўторнага расійскага вета рэзалюцыі Рады Бяспекі ў Сірыі пачаліся масіраваныя артылерыйскія абстрэлы гарадоў, якія прывялі да сотні ахвяр сярод мірнага насельніцтва.
І менавіта Расія працягвае ваенныя пастаўкі Сірыі і перашкаджае ўвядзенню адпаведных санкцый ААН.

Расія настойвае на тым, што лаяльнасць да саюзнікаў — найважнейшы аспект замежнай палітыкі любой дзяржавы. Але ёсць істотная розніца — і з маральнага пункту гледжання, і з прагматычнага — паміж падтрымкай народа, краіны, дзяржавы і падтрымкай злачыннага рэжыму. Апошняя рэдка прыводзіць, прынамсі ў доўгатэрміновай перспектыве, да пазітыўных вынікаў. Мне падаецца, што яшчэ не так даўно ў Расіі была рэальная магчымасць паспрыяць спыненню гвалту і захаваць партнёрскія і прыязныя адносіны з Сірыяй, а таксама свае пазіцыі ў рэгіёне. На сённяшні дзень гэты шанец, мяркуючы па ўсім, страчаны: на вуліцах сірыйскіх гарадоў паляць расійскія сцягі.

Да апошняга робячы стаўку на рэжым Асада, Расія страціла давер сірыйскага народа і, такім чынам, адважуся выказаць здагадку, страціла Сірыю — найважнейшага стратэгічнага партнёра на Блізкім Усходзе.

І цяпер, пакуль не позна, Расія павінная хаця б паспрабаваць рэабілітавацца і не застацца ўбаку ад найважнейшых працэсаў, якія кардынальна змяняюць сучасны арабскі свет. Прызнаць (ну хоць бы з павагі да адпаведных заключэнняў ААН), што сірыйскія ўлады здзейснілі і працягваюць здзяйсняць злачынствы супраць чалавечнасці, і запатрабаваць іх неадкладнага спынення — у прыватнасці праз увядзенне ўсебаковай забароны на пастаўкі ў Сірыю ўзбраення. Запатрабаваць расследавання і пакарання вінаватых, у тым ліку ў Міжнародным крымінальным судзе, што, дарэчы, дало б магчымасць расследаваць і парушэнні з боку апазіцыі, пра якія ўвесь час кажуць расійскія дыпламаты. Дамагацца сумесна з ААН і Лігай арабскіх дзяржаваў допуску ў краіну міжнародных назіральнікаў і гуманітарнай дапамогі. І, вядома, атрымаць урокі на будучыню.

***

Аўтарка — намеснік дырэктара аддзела Human Rights Watch па надзвычайных сітуацыях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?