Дыпламатычны канфлікт са Швецыяй і інцыдэнт з незаконным палётам над Беларуссю шведскага самалёта ніяк не звязаныя, заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы 9 жніўня з журналістамі ў Астравецкім раёне.

«Некаторыя звязваюць гэтую праблему ці то з плюшавымі мядзведзямі, ці то са сланамі. Але гэта абсалютна розныя рэчы»,
— цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Калі верыць Лукашэнкц, Беларусь і Швецыя раней дамаўляліся абмяняцца новымі пасламі, аднак гэтыя дамоўленасці былі парушаныя шведскім бокам, у выніку чаго і разгарэўся цяперашні дыпламатычны канфлікт.

Лукашэнка адзначыў, што пасол Стэфан Эрыксан працаваў у Беларусі 7 гадоў, хоць звычайна тэрмін знаходжання дыпламата ў краіне знаходжання абмяжоўваецца трыма гадамі. Гэта значыць, Беларусь ішла насустрач просьбам шведскага боку аб працягу акрэдытацыі іх пасла, падкрэсліў ён.

Каля года назад шведскаму боку было заяўлена пра немагчымасць далейшага працягу акрэдытацыі Эрыксана з-за той дзейнасці, якой ён займаўся ў Беларусі, паведаміў Лукашэнка.

«Мы гэта бачылі. Я не кажу пра тое, што ён на чале нашай пятай калоны хадзіў, вывучаў нашу мову і гiсторыю беларускага народа.
Дай Бог, зараз часу больш будзе. Пытанне ў тым, што ён разбураў кожны пазітыў у адносінах Швецыі і Беларусі. Гэта было год таму. Я выслухаў і кажу: не трэба пазбаўляць яго акрэдытацыі, яму засталося працаваць менш за год, давайце пацерпім», — заявіў Лукашэнка.
Інцыдэнт з палётам над Беларуссю шведскага самалёта — «гэта іншая тэма», падкрэсліў ён.
«І гэтая тэма патрабуе адказу па міжнародным стандартам ад Швецыі і Літвы, чым мы сёння і займаемся. І калі гэтых адказаў згодна з міжнароднымі нормамі не будзе, мы знойдзем адэкватны адказ на плюшавыя справы», — заявіў Лукашэнка.
«І хай моляць Бога, што нашы „памяркоўныя“ беларусы пашкадавалі гэтых летуноў, — дадаў ён. — Іх зарэгістравалі адразу над мяжой. Пашкадавалі, бачыце, фанерны самалёт, а з гэтага выйшаў скандал. Але гэта было парушэнне ўсіх дамоўленасцяў».

Лукашэнка таксама заявіў: «Калі мы пачалі расследаваць (пасол хай не круціцца, што ён дэмакратыю ў нас абараняе), тыя, хто прыязджалі і рыхтавалі парушэнне дзяржаўнай мяжы, працавалі разам з пасольствам. У нас ёсць гэтаму доказы. Следчыя іх прадставілі. "Таму мы яшчэ разбярэмся, якую ролю адыграла былое шведскае пасольства ў гэтым інцыдэнце», — дадаў ён.

Лукашэнка заклікаў Літву не сядзець «як мышы пад венікам». «Яны нам павінны адказаць, чаму прадставілі сваю тэрыторыю для парушэння дзяржаўнай мяжы.

Каму-каму, а Літве ў гэтым плане мала не здасца», — падкрэсліў Лукашэнка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?