Грабніца, дзе быў пахаваны цар Юдэі Ірад, які паводле Эвангельля ад сьв. Мацьвея загадаў зьнішчыць у Бэтлееме ўсіх немаўлятаў, была адшуканая прафэсарам Эгудам Нэсэрам з Габрэйскага ўнівэрсытэту ў Ерузаліме.

Пра адкрыцьцё, зробленае ў даўнім Герадыёне, 12 кілямэтраў ад Ерузаліму, унівэрсытэт паведаміў учора. Ірад I, празваны Вялікім, недзе з 40 г. п.н.э. панаваў над Юдэяй, прызначаны на пасаду з Рыму. Паводле Мацьвея, даведаўшыся ад мудрацоў з усходу пра нараджэньне будучага Цара Юдэйскага, Ірад загадаў забіць у Бэтлееме ўсіх хлопчыкаў да двух год. «Зьнішчэньне немаўлятаў» апісваецца толькі ў адным з чатырох Эвангельляў.

З гістарычных сьведчаньняў вядома, што Ірад быў спраўным, але дэспатычным валадаром. Увекавечыў ён сябе будаўніцтвам порту ў Цэзарыі і пашырэньнем Другой сьвятыні ў Ерузаліме, а таксама навязьлівым страхам перад змовай супраць свайго жыцьця, пад уплывам якога ён загадаў пакараць сьмерцю сваю жонку і трох сыноў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?