Ігар Бабкоў

Этнапаталёгіі сноў

 

“Прагрэс мкне наперад,
а я паціху іду ўбок”

А.Клакоцкі

 

Архiве Клакоцкага ёсьць невялiкi фонд, у якiм сабраныя “этнапаталёгii”. Фонд гэты нiколi не карыстаўся асаблiвай папулярнасьцю сярод дасьледнiкаў, дый супрацоўнiкi Архiву ня ставiлiся асаблiва сур’ёзна да гэтых трох тэчак ды стосу неразабраных папераў. Падчас пераездаў “этнапаталёгii” звычайна грузiлi апошнiмi альбо ўвогуле забывалi ў якiм-небудзь закутку. Тое, што яны захаваліся да нашага часу, — чыстая выпадковасьць.

Пачаўшы працаваць у Архiве, я таксама ня надта зацiкавiўся гэтымi паперамi: за стагодзьдзе зь нечым тут назьбiралася і не такiх дзiвосаў. Зрэшты, сьцiплая пасада асыстэнта не вымагала веданьня ўсiх фондаў: дастаткова было арыентавацца ў трох-чатырох найбольш iстотных зборах, астатняе, як тут казалi, — справа часу.

Час бег хутка i праз чатыры гады ў мяне выявілася прафэсійная хвароба ўсіх супрацоўнiкаў АК — я пачаў шукаць адказ на загадку Архiву. Бо, нягледзячы на прыгожа выдадзены Каталёг, дзе расстаўленыя ўсе даты й акцэнты, пазначаныя ўсе вехi й названыя ўсе фонды, — у паўставаньнi Архiву ёсьць нешта незразумелае, альбо, калi хочаце, ненатуральнае.

Архіў быў заснаваны Адамам Клакоцкім пры канцы пазамінулага стагодзьдзя; ягоная поўная і праўдзівая назва – Беларускі Архіў Сноў, скарочана БАС. Зрэшты, яшчэ пры жыцьці заснавальніка замацавалася назва Архіў Клакоцкага, а пасьля ягонай сьмерці супрацоўнікі, каб грамадзкасьць ня блытала іх са складальнікамі гараскопаў альбо соньнікаў, імкнуліся прылюдна не спасылацца на сны. Сама сыстэма Архіву паўстала яшчэ пры Клакоцкім і практычна не зьмянялася, адно што супрацоўнікі ўжывалі скарачэньні й розначытаньні, каб крыху прыхаваць сваё соннае паходжаньне. Так, адзінкай уліку ад самага пачатку быў сон, але праз скарачэньне с. ён ня розьніўся ад справы. Хіба адзінае, што вытыркалася, дык гэта падзел усіх фондаў на “аўтэнтычныя” і “дадатковыя”. “Аўтэнтычныя” складаліся з уласна сноў, “дадатковыя” – з рэальных дакумэнтаў. Дасьледнікі, якія ўжо даўно працавалі ў Архіве, успрымалі гэта як даніну традыцыі, але той, хто трапляў туды ўпершыню, са зьдзіўленьнем знаходзіў у “аўтэнтычных” фондах сны Магдалены Радзівіл альбо сон вядомага паэта Лангбарда, які прысьніў сябе архітэктарам. Зрэшты, там былі й сапраўдныя пэрлы, кшталту невялічкай калекцыі сноў Міцкевіча альбо сну Ластоўскага падчас Парыскай канфэрэнцыі, перад тым як Антанта прызнала БНР. Я сам на другі год сваёй працы знайшоў сон Оскара Мілаша. Але ў большасьці сны былі не такія істотныя і, да сораму супрацоўнікаў Архіву, часам нават неаўтарызаваныя. Ва ўсім астатнім гэта быў звычайны архіў, з штодзённай, руціннай працай, выкананьнем запытаў, аўтарызацыяй і каталягізацыяй фондаў, мізэрнымі заробкамі й бясконцымі плёткамі ды інтрыгамі.

Такім чынам, я пачаў шукаць адказ на загадку Архіву. Зрэшты, незразумела было, у чым ёсьць сама загадка. Усе адчувалi, што з паўставаньнем Архіву ў рэчаіснасьць прарвалася і замацавалася ў ёй штосьці Іншае і гэтае Іншае цяпер відавочна спала, сьцішылася, чакаючы свайго часу. “Сны заснулі” – гэты калямбур быў надзвычай папулярным у мясцовых іраністаў, хаця ў самых “прасунутых” выклікаў зразумелую трывогу. Бо ў Архіве суіснавалі побач розум і неразумнае. Гэта неяк муляла і не давала сур’ёзна ставіцца да рэчаіснасьці ўвогуле. Мушу зазначыць, што сярод супрацоўнікаў Архіву быў хіба найбольшы працэнт будыстаў.

Навошта было зьмяшчаць на адной паверхні, у адной прасторы сны і рэчаіснае? Пра што думаў Клакоцкі, ствараючы свой Архіў? Адчувалася, што праўдзiвая мэта, цi мэты, знаходзяцца недзе побач, схаваныя альбо зашыфраваныя ў адным з камэнтароў, прысьнёныя ў адным са сноў. Кожны супрацоўнiк прайшоў праз гэтыя пошукi, а некаторыя, я ўпэўнены, дасюль лiчаць, што ведаюць адгадку (цi загадку).

Звычайна высоўваліся розныя гіпотэзы. Самая банальная зь іх палягала на тым, што ўвесь Архіў — адзін вялікі сон Адама Клакоцкага. Зрэшты, сур’ёзна гэтую гіпотэзу ўспрымалі хіба нэафіты, а старыя супрацоўнікі карысталіся ёй дзеля ачмурэньня маладзенькіх асыстэнтак (“не хвалюйцеся, усё гэта вам толькі сьніцца”).

Ключ быў відавочна ў тэкстах (альбо ў снах) самога Клакоцкага. Толькі яны маглі даць канчатковыя адказы альбо хаця б крыху прасьвятліць сытуацыю, ад цьмянасьці якой даўно стаміліся нават самыя ўпартыя шукальнікі.

У пошуках аўтэнтычных тэкстаў я і прыйшоў да пяцi запыленых скрынак, да “этнапаталёгiяў”. Мне пашчасьцiла: неразабраны стос папераў належаў самому Клакоцкаму, гэта былi ягоныя камэнтары да справаў, а таксама фрагмэнтарныя нататкi, што тычылiся больш адцягненых рэчаў. Але пачну ад самага пачатку — ад справаў.

Паводле правiлаў Архiву, нельга цытаваць дакумэнты, ня кажучы ўжо пра іхную поўную навуковую публікацыю. Права на гэта мае толькi ўладальнiк дакумэнтаў альбо, калі няма ўладальнiка цi ягоных нашчадкаў, чалавек, якi перадаў дакумэнты ў Архiў. Але нiшто не замiнае (а статут Архiву папросту не забараняе гэтага) даваць ускоснае апiсаньне справы, асабліва калі пры гэтым зьмяніць прозьвішчы, даты і канву падзеяў, пакідаючы, як любіў казаць Клакоцкі, “аголеныя сутнасьці”.

……..

Першая справа ананiмная, напiсаная (цi перапiсаная) на вялiкiх аркушах бляклай паперы нестандартнага фармату. У ёй распавядаецца пра шляхцiца ўчцiвага Стэфана Дастаеўскага, апекуна аднаго зь менскiх манастыроў, асобу ў вышэйшай ступенi паважаную ў тагачасным менскiм асяродзьдзi. Стэфан выконваў розныя даручэньнi ўплывовых магнатаў, але нiколi не адмаўляўся прадстаўляць у гродзкiм судзе й шараговага шляхцiца. (У кнiгах Менскага Гродзкага суду захавалася колькі справаў, якія ён вёў.) Пры канцы жыцьця Стэфан Дастаеўскi пачаў весьцi дыярыюш, апiсваючы цiкавыя падзеi й здарэньнi, сьведкам якiх ён быў. Пры канцы справы падаецца колькі ўрыўкаў з дыярыюшу, якiя выклiкалі цiкавасьць Адама Клакоцкага.

 

Аднойчы Стэфан Дастаеўскi прысьнiў сон. Нібыта бегаў ён п’яны з шабляй па Менскiх валох, лаючыся й пагражаючы мяшчанам, мнiхам i розным выпадковым людзям. Сон быў надзвычай выразны, прачнуўшыся, Стэфан прыгадаў усё да апошняй драбнiцы. Але самым жахлiвым было адчуваньне немагчымага шчасьця, якое спадарожнiчала гэтай прыгодзе. Такім шчасьлівым Стэфан не пачуваўся анi ў дзяцiнстве, анi ў сталасьцi, хаця ён імкнуўся весьцi дабрачыннае жыцьцё i цешыўся той павагай, што спадарожнiчала ягонай дабрачыннасьцi.

Пасьля гэтага здарэньня жыцьцё Стэфана Дастаеўскага рэзка зьмянiлася. Ён вярнуўся ў свой маёнтак у самым глухiм закутку Палесься, дзе самотна бавiў цэлыя днi, не запрашаючы да сябе нiкога. Яго бачылi ў самых розных месцах, ён хадзiў па лясох i балотах, выкрыкваючы рэзкiя, гартанныя словы незнаёмай мовай. Яго баяліся й пазьбягалі. Хадзілі чуткі, што ён вывучае Кабалу. Таксама казалi, што ён пачаў прыходзіць у сны тамтэйшых жыхароў.

Ян Клакоцкi лiчыў, што сапраўды так i было і што гэта Стэфан пэрыядычна сьнiўся свайму далёкаму нашчадку, Ф.М.Дастаеўскаму, якi памылкова прымаў яго за чорта. Менавiта пасьля такiх сноў Фёдар Міхайлавіч пiсаў гнеўныя словы пра жидов и полячишек альбо браўся ўважлiва вывучаць свой радавод.

ІІ

ругi сон апiсвае незвычайнае здарэньне з рабi N. Аднойчы яму сасьнiўся ягоны ненароджаны сын у чорнай скуранцы, зь пiсталетам. Сын гучна сьмяяўся, лаяўся матам i друкаваў вершы пад псэўданiмам “Аристарх Леденящий”. Рабi N. на наступны дзень разьвiтаўся са сваякамі, закапаў Тору ў ціхім месцы і сышоў. Далей падзеі разгортваюцца досыць блытана, часам нагадваючы люстэркі й лябірынты Тысячы й адной начы: апісваюцца ягоныя падарожжы, сустрэчы й размовы, доўгія дыскусіі з хасыдамі... У сярэдзіне раптам паўстаюць тэалягічныя пытаньні. ...На жаль, менавіта гэты рукапіс моцна пацярпеў пры пераездах, і таму мы ня можам дакладна сказаць, чым скончылася гэтая гісторыя...

 

ІІІ

пошнi сон датаваны пачаткам нашага стагодзьдзя. Мiтрапалiту Сергiю сасьнiлася “голая рыба”. Як праiнтэрпрэтаваць гэты факт i чаму “голая рыба” трапiла ў фонд этнапаталёгiяў, зразумець цяжка. Яна (рыба) паводзiла сябе так ласкава й так непрыстойна, што стары паважаны мiтрапалiт, якi не без самазадаволенасьці (у якой каяўся) аглядаў сваё жыцьцё, ня вытрымаў i зьлёг з сардэчным прыступам. Пра свой сон ён распавёў толькі маладому паслушнiку, адзінаму чалавеку, да якога меў пэўны давер і вiдавочную сымпатыю. Паслушнiка гэты сон уразiў ня менш, чым самога мiтрапалiта. Ён доўга спрабаваў зразумець, што такое “голая рыба”, перапытваў Сергiя, але той ня мог анiчога дадаць.

Трэба сказаць, што паслушнік і насамрэч хацеў расшыфраваць сон, але яшчэ болей ён хацеў дапамагчы мітрапаліту, што згасаў літаральна на вачох. Паслушнік вывучаў розныя тэксты, ад звычайных соньнікаў да працаў Фройда, які тады толькі пачынаў набываць папулярнасьць. Але ўрэшце спыніўся на Сьвятым Аўгустыне. Як мы памятаем, Аўгустын доўга шукаў у гэтым сьвеце знакі боскасьці. І пасьля розных развагаў, якія мы прыводзіць ня будзем, ён прыйшоў да высновы: знак боскасьці ў гэтым сьвеце — у паразе чалавечага розуму, у абсурдзе.

Мітрапаліт Сергій памёр у глыбокім душэўным спакоі, зь ціхай і яснай усьмешкай.

* * *

Як мы бачым, усе тры сны маюць вiдавочны “паталягiчны” калярыт.

А цяпер пра нататкі Клакоцкага.

Сам Клакоцкi пакiнуў фрагмэнтарныя тлумачэньнi, зь якiх можна зразумець, што сабраны матэрыял бачыўся яму як пэўны ўрок цi пэўнае пасланьне, а магчыма нават падыход да разгадкi некаторых таямніцаў, што так хвалявалi яго ўсё жыцьцё.

Уважліва прачытаўшы нататкі Клакоцкага, я пераканаўся, што яны апярэджвалі сваю эпоху і былі ў пэўным сэнсе адказам на шматлікія рэдукцыянісцкія ініцыятывы...

Паводле формы тэксты Клакоцкага — гэта фрагмэнты спантанных роздумаў, часам нават асобныя сказы, відавочна інсьпіраваныя этнапаталёгіямі. Гэтыя нататкі згрупаваныя ў дзьве тэмы.

Першая — тэма паверхнi. Мы жывем на паверхнi самiх сябе, успрымаем паверхню рэчаў, падзеяў i ў гэтым няма анiчога дзiўнага. Бо наступны крок думкi палягае на тым, што за паверхняй пачынаецца доўгачаканая глыбiня, варта праламiць паверхню й мы абавязкова знойдзем сябе ў нечым абсалютна iншым: фантастычным, прыемным альбо, наадварот, жахлiвым. Іншымі словамі, знойдзем сябе ў unheimliche. З нататак Клакоцкага зразумела, што ён трымаўся больш пэсымiстычнага пагляду. Глыбiня, лiчыў Клакоцкi, зусiм не абавязковая. Насуперак прыхiльнасьцям сваёй эпохi, ён ня верыў анi ў глыбiнi, анi ва ўнiвэрсальнасьць, анi ў агульначалавечыя праўды. Ён настойваў, што любое падваеньне сьвету — на глыбiнi й паверхнi, праўды й няпраўды, сутнасьцi й вонкавасьцi — непатрэбная данiна манiхейскiм iлюзіям, i за адной паверхняй папросту пачынаецца другая, за другой трэцяя i гэтак далей: уся вычварнасьць гэтай думкi не адмяняе самой магчымасьці. Ёсьць толькi ўнiкальнасьць, i ўсялякая спасылка на ўнiвэрсальную праўду — гэта апэляцыя да паверхнi абжытай i знаёмай, альбо, як ён яшчэ пiсаў, — да знаёмага твару. Праўдзiвае пытаньне, якое Клакоцкi задаваў сабе ў сваiх нататках, — што ж нам рабiць з гэтымi бясконцымi паверхнямi i цi ёсьць нейкi сэнс альбо сыстэма ў iхным чаргаваньнi.

Другая тэма — уласна “этнапаталёгiі”. Трэба адразу сказаць, што ў выбары слова няма анiякай пагарды, нават скепсысу, што да этнаграфiчных захапленьняў ягонай эпохi. Клакоцкi сам браў удзел у большасьцi “этнапаталягiчных” праектаў свайго часу, а пад канец жыцьця слоўца “этнапаталёгiя” сталася ягоным улюбёным тэрмiнам, якi ён ужываў зь вiдавочнай асалодай.

Зрэшты, мушу сказаць, што пад “этнапаталёгiямi” Клакоцкi разумеў пэўныя этнiчныя скрыўленьнi, узаемапранiкненьнi і ўзаемазамены — адным словам, пэўную крывiзну, “няправiльнасьць” мясцовай этнiчнай прасторы. У гэтай частцы сьвету (у тэкстах Клакоцкi называў яе заўсёды Паўночнай Сарматыяй, але ў прыватных гутарках — Вялiкiм Шпiталем) няма нiчога назаўсёды вызначанага: паклаўшыся спаць балтам — прачынаешся славянiнам, выйшаўшы з дому палякам, вяртаешся немцам, з усiх бакоў табе спрабуюць патлумачыць, кiм ты ёсьць i кiм быць ня мусiш. Натуральна, што большасьць людзей здаровага клёку ад гэтага гармiдару называе сябе “тутэйшымi”. Клакоцкi, якi цягам свайго жыцьця аддаў данiну польскiм, лiтоўскiм, жмудзкiм захапленьням i ўрэшце спынiўся на беларушчыне, хацеў крыху зьмянiць пэрспэктыву: ён хацеў быць адразу ўсiмi. “Пяць маiх твараў, як пяць люстэркаў, глядзяць у сьвет i ня бачаць...”

Аднак што значыць быць усiмi?! Альбо ўсім. Як мы памятаем, толькі Бог ёсьць усім. Ці ня значыць гэта, што Адам Клакоцкі хацеў стацца Богам?

Мушу сказаць, гіпотэза, што Адам Клакоцкі — гэта насамрэч адно зь імёнаў Бога, таксама абмяркоўвалася, хаця, са зразумелых прычынаў, без асаблівага імпэту...

* * *

А цяпер пра галоўнае — пра загадку Архiву. Чаму менавіта сны былі выбраныя з патэнцыйна бязьмежнай размаітасьці фактаў чалавечае сьведамасьці? На адным з нумараваных аркушаў рукой Яна Клакоцкага выведзены сказ, надзвычай характэрны для тутэйшай мэнтальнасьці (я мяркую, ён належыць яму самому), якi ўсё ставiць на свае месцы: “Тое, чаго няма, кранае мяне сваёй далiкатнай адсутнасьцю”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0