25.06.2004 / 13:00

Канстытуцыя Эўропы: 4:1 на карысьць Францыі

Апанэнты Канстытуцыі cпадзяюцца адыграцца падчас ратыфікацыі дакумэнту.

У той час як на футбольным першынстве Эўропы толькі пасьпелі вызначыцца чвэрцьфіналісты, фаварыт на канстытуцыйным полі Эўразьвязу ўжо вядомы. Францыі ўдалося вырашыць шмат якія спрэчныя моманты ў праекце эўрапейскай Канстытуцыі на сваю карысьць і гэтым самым замацаваць свой уплыў у структурах Эўразьвязу.

Пры ўсёй павазе да дэмакратычных ідэалаў Эўропы і насуперак патаснасьці прамоваў эўрапалітыкаў пра «гістарычнасьць моманту», назваць Канстытуцыю Эўразьвязу шэдэўрам юрыдычнае думкі ніяк не выпадае. Аб’ём зацьверджанага на мінулым тыдні дакумэнту, адной з першапачатковых мэтаў якога было спрашчэньне існых правілаў, пасьля двухбаковых дэбатаў стаў 300 старонак. Залішне і казаць, што простыя грамадзяне Эўропы наўрад ці адважацца ўзяцца за вывучэньне новага падставовага закону Эўропы: насуперак мэтам аўтараў праекту, Эўропа стаецца яшчэ больш складанай і яшчэ больш далёкай ад эўрапейцаў. З тае прычыны вобраз афіцыйнага Брусэлю як бюракратычнага монстра набудзе новае падмацаваньне і эўраскептыкі атрымаюць новыя козыры ў іхнай палітычнай барацьбе. Акрамя таго, некаторыя палажэньні дакумэнту ўжо цяпер падаюцца голымі дэклярацыямі. Прыкладам, канстытуцыя абвяшчае роўнасьць усіх грамадзян Зьвязу, у той час як толькі тры краіны (Вялікабрытанія, Швэцыя і Ірляндыя) адкрылі свае рынкі працы для ўсходнеэўрапейцаў.

Зважаючы на недакладнасьць дакумэнту, варта перадусім засяродзіцца на спрэчных момантах і на тым, пазыцыя якой краіны ўрэшце перамагла. І тут найлепей прыдасца мова футбольных камэнтатараў, балазе што ўся Эўропа цяпер жыве футболам. Пералічым усе «галы», забітыя на канстытуцыйным полі.

— Паводле канстытуцыі, Эўразьвяз набывае дзьве новыя пасады: прэзыдэнта і міністра замежных спраў. Можна прадбачыць, што гэтыя чыноўнікі будуць прэзэнтаваць пазыцыю, блізкую да афіцыйнага Парыжу, улічваючы вялікі досьвед і вагу францускае дыпляматыі. Францыя павяла ў ліку 1:0.

— Па-новаму вызначаная працэдурная большасьць для прыняцьця рашэньняў у Эўракамісіі і Радзе міністраў. Цяпер тут дзейнічае прынцып «двайное большасьці»: кожнае рашэньне патрабуе падтрымкі 55% краінаў Зьвязу і 65% насельніцтва Зьвязу. Агулам прынцып «двайной большасьці» павялічвае вагу вялікіх краінаў — Нямеччыны і Францыі. 2:0 на карысьць Францыі. Праўда, у сфэрах замежнай палітыкі, сацыяльнай бясьпекі і абароны застаецца старое права veto для кожнай асобнай краіны, на чым настойвалі Вялікабрытанія і Польшча, — 2:1.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Сяржук Вінаградаў

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру