6 кастрычніка Эўракамісія мусіла вызначыцца, ці будзе вынесенае на разгляд саміту ЭЗ пытаньне аб пачатку перамоваў з Анкарой аб уступленьні Турцыі ў ЭЗ.

17 сьнежня на саміце ў Брусэлі Эўразьвяз мае прыняць канчатковае рашэньне, ці будзе Турэччына запрошаная ў яго склад. Пакуль шанцы пяцьдзясят на пяцьдзясят. Супраць выступае Аўстрыя, між тым рашэньне павінна прымацца кансэнсусам. Некаторыя прыхільнікі эўраінтэграцыі асьцерагаюцца, што ўступленьне Турэччыны ў Эўразьвяз азначала б разбурэньне Эўразьвязу як палітычнага адзінства. Аднак, магчыма, гэткае разбурэньне пайшло б на карысьць самой Эўропе.

Падмуркам эўраінтэграцыі было імкненьне да вольнага гандлю, дэмакратызацыі і пазьбяганьня новых войнаў. Ва ўсіх трох аспэктах дасягненьні застаюцца спрэчнымі.

Вынік, якім найбольш ганарацца эўраэліты, — немагчымасьць ваенных канфліктаў. Сапраўды, Францыя і Нямеччына перажываюць пэрыяд паразуменьня і гармоніі. Але ж калі разглядаць праблему бясьпекі шырэй, то галоўным гарантам міру ў Эўропе было трансатлянтычнае партнэрства з ЗША, бо менавіта перамога Амэрыкі ў халоднай вайне прывяла да падзеньня Бэрлінскага муру. Улічваючы супольныя інтарэсы Эўропы і Амэрыкі ў барацьбе супраць тэрарызму, трансатлянтычнае партнэрства застаецца жыцьцёва важным для эўрапейскае бясьпекі. Аднак менавіта яно ставіцца эўраінтэгратарамі пад сумнеў, бо ў іхнім разуменьні мэта эўраінтэграцыі — стварэньне эўрапейскае звышдзяржавы дзеля абмежаваньня амэрыканскае гегемоніі. Ужо цяпер сьпіс супярэчнасьцяў паміж ЭЗ і Амэрыкай уключае Ірак, Палестыну, балістычную ракетную абарону, кантроль за ўзбраеньнямі, Міжнародны крымінальны суд, генэтычна мадыфікаваныя прадукты харчаваньня, Кіёцкі пратакол, сельскагаспадарчыя субсыдыі, Іран, Кубу і г.д. У пляны эўрастратэгаў уваходзіць таксама стварэньне войска Эўразьвязу, непадпарадкаванага камандаваньню NATO, а яшчэ — адмена эмбарга на гандаль зброяй з Кітаем. Як у свой час заўважыла Маргарэт Тэтчэр, стварэньне эўрапейскае звышдзяржавы непазьбежна прывядзе да супрацьстаяньня з Амэрыкай. У гэтым сьвятле далейшая эўраінтэграцыя пагражае стацца фактарам нестабільнасьці ў Эўропе.

Другі падмурак ЭЗ — супольны рынак — прывёў да эўра. Затое зьявіліся іншыя перашкоды на шляху вольнага руху працоўнае сілы, тавараў і паслуг. Сюды ў першую чаргу адносіцца Агульная сельскагаспадарчая палітыка (CAP) — антырынкавая сыстэма субсыдыяваньня эўрапейскіх фэрмэраў, якая штогод каштуе падаткаплатнікам дзясяткі мільярдаў эўра і прыводзіць да падаражаньня прадуктаў на 40%. Яшчэ адзін вынік эўраінтэграцыі — неўтаймоўная вытворчасьць інструкцый і падзаконных актаў, колькасьць якіх даходзіць да 2500 у год. Заканадаўчая дзейнасьць Эўразьвязу выкарыстоўваецца сярод іншага дзеля абмежаваньня канкурэнцыі. Так, выкананьне Польшчай экалягічных нормаў Эўразьвязу, якое абыдзецца ёй прыблізна ў 40 мільярдаў эўра, прывядзе да падаражаньня польскіх тавараў і пойдзе на карысьць заходнеэўрапейскім вытворцам. Такім чынам, менавіта далейшая эўраінтэграцыя прыводзіць да абмежаваньня вольнага гандлю і мае вынікам эканамічную стагнацыю. Ня дзіва, што самыя багатыя краіны Эўропы — Нарвэгія і Швайцарыя — у Эўразьвяз не ўваходзяць.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяржук Вінаградаў,

[email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0