Прадстаўнікі беларускай акадэмічнай навукі выказалі занепакоенасць шэрагам звальненняў з інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук супрацоўнікаў, якія бяруць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны.

«Стала вядома аб непрацягненні кантрактаў цэлай групе высокакваліфікаваных навукоўцаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, якія найбольш актыўныя ў дзейнасці прафсаюза, рэальна абараняючы правы супрацоўнікаў. Цяпер, калі дзейнасць прафсаюзаў прызнана дзяржавай як надзвычай важная, такі падыход выглядае дзіўна», — гаворыцца ў звароце, пад якім падпісаліся больш за 800 чалавек.

Падставай звароту стаў пераслед за грамадзянскую пазіцыю супрацоўнікаў Інстытута гісторыі і Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук.

Гэта кандыдаты гістарычных навук Мікалай Волкаў, Аляксей Шаланда, Кацярына Крывічаніна, кандыдат філалагічных навук Аляксандар Жлутка, навуковыя супрацоўнікі Андрэй Радаман, Таццяна Папоўская, Уладзімер Шыпіла, а таксама Сяргей Бесараб.

Навукоўцы заклікалі кіраўніцтва НАН і яе інстытутаў адмовіцца ад практыкі палітычна матываваных скарачэнняў і ціску і працягнуць кантракты беспадстаўна звольненым супрацоўнікам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?