«Гэта самая вялікая кніжная выстава ў свеце», — запэўнівае мяне жыхар Гётэборга, які працуе валанцёрам на стэндзе, прысвечаным беларускай літаратуры. «Тое самае мне казалі ў Франкфурце», — здзіўляюся я.«Франкфурт на першым месцы па колькасці ўдзельнікаў. Гётэборг — па наведніках. Бо ў Франкфурце гульцы індустрыі сустракаюцца адно з адным, заключаюць ліцэнзійныя дамовы, прадаюць і перапрадаюць правы. А тут пісьменнікаў паказваюць шырокай публіцы», — тлумачыць мой суразмоўца.

Я лезу ў Вікіпедыю. Тая ўдакладняе: найбуйнейшая ў свеце кніжная выстава праходзіць у Калькуце.

Што не перашкаджае Гётэборгу і Франкфурту сцвярджаць на сваіх старонках, што самыя крутыя — яны. Інтэрнэт — гэта месца дзе можна знайсці любыя адказы на любыя пытанні.

Так ці інакш, я — экспанат. Удзень мяне паказваюць публіцы. Публіка глядзіць на мяне пяць хвілін і рушыць далей. Вакол шмат іншых экспанатаў. Нобелеўскія лаўрэаты. Герта Мюлер. Пляменнік Чэ Гевары, які выступае проста перада мной. Нас прадстаўляюць. Я хачу зрабіць з Марцінам Геварам сэлфач, але саромеюся. Гэта неяк несур’ёзна. Не па-пісьменніцку.

Карацей, экспанатаў тут цэлая выстава. Я спрабую казаць са сцэны нешта цікавае. Мой першы выхад да шведскіх чытачоў прысвечаны даследаванню пра Марка Шагала, якое неўзабаве выйдзе ў Расіі. Публіка чуе прозвішча Шагал, публіка запавольваецца і слухае мой выступ некалькі секунд. І млосны рух спін узнаўляецца.

«Ты заўважыў, што пасля трох гадзін праведзеных тут прыходзіць дзіўнаватая стома? — пытаецца мой суразмоўца. — Гэта праз адсутнасць кіслароду. У гэтым памяшканні дыхае 70 тыс. чалавек. Якая б ні была вентыляцыя — яе папросту не хапае. Заўваж, найбольш дасведчаныя апранутыя ў цішоткі. Тут не цёпла, але душна. Нават калі проста сядзіш на месцы — макрэеш».

У першы ж дзень я спрабую ўключыць ацяпленне ў нумары. Рэле на сценцы ёсць, але ніякай цеплыні яно не дадае.

Гётэборг цяплейшы за Мінск, хай сабе Мінск на 1000 км паўднёвей. Раніцай наступнага дня я жалюся на рэцэпцыі, што ў пакоі было халаднавата. «Я вас разумею, яшчэ не моцна схаладнела, у нас у краіне таксама не ўключылі ацяпленне», — кажу рэцэпцыяністцы. Тая заклапочана пазначае нешта ў блакноце. Хутка мне прыносяць урачыстыя прабачэнні. Кажуць, што ў нумары напраўду глюкнуў клімат-кантроль. І што яны вельмі ў гэтым вінаватыя. І, каб выбачыцца, мяне селяць у люкс з панарамнымі вокнамі на абедзвюх сценках. Тут цёпла і прыгожа. Вада і горы. Каб яшчэ нашае ЖКХ выбачылася ды пасяліла ў люкс усю краіну! За тое, што ў іх у галовах глюкнуў клімат-кантроль!

У Швецыі ўсюды сустракаешся з новым трэндам: full self service.

Гэта тэрмінальная стадыя выключэння чалавека з гандлёвых зносін. Калі на чэкіне ў аэрапорце я разумею, што стойка авіякампаніі працуе толькі на прыём валіз, а пасажыры без валіз мусяць атрымліваць месцы самастойна, на тэрміналах, я не здзіўляюся, бо такое ўжо бачыў. Але калі ў гатэлі пры засяленні мяне вядуць да камп’ютарнага засяляльніка, дзе я мушу сам увесці прозвішча, узяць картку-ключ і актывізаваць яе для доступу ў свой пакой, гэта бянтэжыць. Хутка людзі будуць толькі спажыўцамі, абслуга знікне як клас.

Крамнікаў няма ў шмат якіх буціках, куды я заходжу, каб даведацца дарогу. Пытацца няма ў каго, гандлёвыя залы пустыя.

У кандыцыянаваных памяшканнях, дзе выстаўленыя шалікі па 200 еўра, трэба самастойна абіраць ды прымяраць вопратку, а потым разлічвацца на плацежным тэрмінале. Хутка гэтыя людзі вынайдуць self-arresting police, я так думаю.

Гіпермаркет у мясцовай Чыжоўцы, — раёне Majorna, куды я трапляю на сваім вар’яцкім пешым шпацыры да месца ўлівання ракі Гёта ў Паўночнае мора, усё ж мае крамніка: за касай працуе жывы чалавек. Адразу бачна, што Чыжоўка! Але калі я дастаю з кішэняў манеты — касір указвае на шчыліну ў прылаўку: іх трэба кідаць туды, каб ён не абцяжарваў сабе пералікам! Добра было б для нас пасля дэнамінацыі!

Увечары пасля выступу на асноўнай сцэне мяне запрашаюць на рэцэпцыю ў мэрыю, і я ўпершыню ў жыцці бачу stand up buffet з вустрыцамі, ікрой і белай спаржай. Звычайна там, дзе ёсць вустрыцы, ёсць крэслы ды свечкі. Тут жа усё проста.

У чарзе перада мной стаіць лютэранскі архібіскуп Швецыі, жанчына. Пра пратэстанцкага біскупа Швецыі, якая не толькі жанчына, але і адкрытая лесбіянка, мне распавядуць пазней.

Але ўсе гэтыя дзівосы, канечне, менш дзіўныя за oyster buffet. Вустрыцы настолькі свежыя ды халодныя, што шыпяць у роце, бы шампанскае.

«У «Возеры Радасці» мяне больш за ўсё здзівіла неадпаведнасць моцы метафары ветру і чалавечай слабасці героя, якога з гэтым ветрам увесь час прыносіць, — кажа шведская чытачка рамана. — Але ў гэтай неадпаведнасці якраз і ёсць вялікі аптымізм, бо ты ўсведамляеш, што гэты герой абавязкова вернецца ў лёс Ясі, што ён не вычарпаны, ён яшчэ зробіцца ўцямным ды моцным. Бо яго стыхія — вецер! І гэта дае надзею». Я кручу галавой, і ў мяне ад’язджае дах. Мой твор чытаюць у Швецыі! Ды вось так пільна чытаюць, прыдбаўшы рускі арыгінал!

Бакал рыслінгу — ардынарнага вінца, што каштуе 1,5 еўра за літровы пакет у Нямеччыне, у бары гатэля ацэнены ў 10 еўра. Дзесяць, Карл! А віскі тарыфікуецца па 10 грамаў. Калі ты замовіў сотку, падумаўшы, што ў меню была ўказаная цана за 50 грамаў, — заплаціш за свой віскі як за ноч у Барселоне. Пры гэтым самае каштоўнае тут не каштуе нічога. Напрыклад, усюды, у любой таверне, на стойцы — жбаны з бясплатнай вадой. Ці вялікая кава-машына ў лобі гатэля. Яе можна юзаць і ўдзень, і ўночы. Спачатку пранікаешся ўдзячнасцю, потым згадваеш пра рыслінг і віскі. І разумееш, што шведскі сацыялізм — дадатак да пераацэненых паслуг звычайнага капіталізму.

Я пішу гэтыя радкі, гледзячы на велізарны белы карабель памерам з дзевяціпавярховік, што павольна, бы кіт, цягнецца з акна ў правым куце майго гатэльнага нумара ў левы. З мінулага — у будучыню. Скончыўшы тэкст, я надзену плашч, спушчуся на плошчу, якую бачу проста перад сабой, замоўлю там вялікі капучына і буду бавіць свой апошні захад у Гётэборгу за ўлюбёным заняткам — назіраннем за шчаслівымі людзьмі.

Але я кірую і гэты тэкст — нібы той карабель — з бягучага моманту ў будучыню. І калі ён выйдзе ў аўторак, я ўжо вярнуся на некалькі дзён у родны Мінск, каб сустрэцца з чытачамі на вялікай прэзентацыі «Возера Радасці».

Там усё і сыдзецца: мінулае і будучыня, героі і аўтар, чытачы і экспанат. Пабачымся гэтым вечарам на Радзіме!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?