Прэмія Гедройца 2016 г. яшчэ не даехала да Прагі, дзе ўжо амаль дваццаць гадоў жыве беларускі пісьменнік Макс Шчур, як ад яго прыйшла прапанова выдання чарговай загадкавай кнігі. На гэты раз лаўрэат самай прэстыжнай літаратурнай узнагароды ў Беларусі схаваўся пад псеўданімам.

Аповед у творы вядзецца ад імя Андруся Макатоўшы — празаіка, чый літаратурны дэбют «Упырхлікі» адбываецца ўжо пасля ягонага заўчаснага сыходу (знікнення без вестак) з рэальнага жыцця. У стылізаваным пад аўтабіяграфію творы былы эмігрант апісвае свае гаротныя прыгоды на Радзіме і па-за яе межамі.

Макс Шчур у кнізе выступае як рэдактар, аўтар каментароў і паслямовы. «Рабле, Сэрвантэс, Грымэльсгаўзэн, Вальтэр, Казанова, Стэрн, Мойхер-Сфорым, Пруст, не кажучы ўжо пра так званы пікарэскны (ці прайдзісвецкі) раман — усё гэта не магло не паўплываць на аповесць, якая ў беларускай літаратуры годна працягвае сатырычныя традыцыі Андрэя Мрыя і Лявона Савёнка ў спалучэнні са спавядальнай традыцыяй Ларысы Геніюш», — адзначае ён.

Поўны загаловак кнігі выглядае інтрыгуюча: «Праўдзівае апісанне капіталізму ў адной асобна ўзятай краіне Захаду, складзенае ад няма чаго рабіць рабом Божым Андрусём Макатоўшам, блудным сынам і ўнукам, пляменнікам Базылёвым, беларусцам з-пад Наваградка, валацугам і прайдзісветам»

Асобныя раздзелы кнігі друкаваліся ў часопісе «Архэ» у 2014 годзе (№10 (131)).

У поўным аб'ёме яна з'явілася ў продажы толькі ў электроннай версіі на партале kniharnia.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0