На прасторах «УКантакце» ёсць суполка «Падслухана флэты Мінск», куды мінская моладзь залівае фоты і відэа з т.зв. «флэтаў» — масавых папоек з малазнаёмымі людзьмі.
«Наша Ніва» адабрала трэндавыя карцінкі, каб у чытача склалася разуменне, чым сёння модна ганарыцца ў некаторых моладзевых колах.
Азін з трэндаў — гэта фота ў бацькоўскай міліцыйскай форме. Аўтары, не хаваючы твараў, выкладваюць такія выявы ў агульны доступ, імаверна, не ведаючы пра наяўнасць у Адміністратыўным кодэксе Беларусі артыкула, які прадугледжвае адказнасць за нашэнне формы без права на тое.
Гэтае фота ананімны аўтар суправадзіў подпісам «Какая вписка без мусоров)».
Панты школьнікаў даражэйшыя за гонар бацькоўскага мундзіру.
Таксама у інтэрнэт выкладваюць «чарнуху», якую аўтары вырабляюць сп'яну. Большасць такіх фатаздымкаў «НН» не можа апублікаваць з этычных поглядаў.
«Адзін я на «упісцы» люблю сікаць з вокнаў?», — задаецца пытаннем аўтар гэтага фота.
Наступная плыня ў фота з «флэтаў» — гэта здзек з п'яных таварышаў, што аказаліся слабымі да выпіўкі і заснулі раней за ўсіх. Сэлфі на іх фоне таксама модна: заспеў сябра без штаноў на ўнітазе — хутчэй заліваць у інтэрнэт.
Дарэчы, звычайна ў каментах можна з лёгкасцю адшукаць спасылкі на старонкі «герояў».
Ну і вядома, удзельнікі суполкі хваляцца колькасцю набытых і выпітых літраў. Часам да гэтага дадаецца расповед пра інтымныя ці іншыя прыгоды на флэце. Мы не будзем гэта перадрукоўваць.
Праз сацсеткі такі лад жыцця робіцца модным — на сёння ў суполцы «Падслухана флэты Мінск» больш за сем тысяч падпісантаў. Траціна з іх — дзяўчаты, а палове падпісантаў яшчэ няма 20 год.
Вядома, што «бухаць» кампаніямі для моладзі — рэч не новая, але фіксаваць гэты сорам і выносіць яго ў людзі — трэнд апошняга часу.