Адразу пяць буйных чыноўнікаў Лагойскага райвыканкама абвінавачваюцца Камітэтам дзяржаўнага кантролю ў сур'ёзных парушэннях Закона «Аб барацьбе з карупцыяй» пры вырашэнні свайго жыллёвага пытання.

Камітэт дзяржаўнага кантролю адправіў у праваахоўныя органы і ў Мінаблвыканкам акт праверкі Лагойскага райвыканкама, у якім адлюстраваны сур'ёзныя парушэнні мясцовай вертыкаллю Закона «Аб барацьбе з карупцыяй» у працэсе вырашэння свайго жыллёвага пытання.

Так, праверкай устаноўлена, што намеснік старшыні Лагойскага райвыканкама па эканоміцы Ліяна Хмуровіч аддала незаконнае распараджэнне сваім падначаленым у падрыхтоўцы рашэння выканкама аб пераводзе ў жылы фонд нумара «люкс» ведамаснай гасцініцы «Алімп».

Як патлумачылі «Ежедневніку» ў КДК, у распараджэнні Лагойскага райвыканкама ёсць у наяўнасці жылы фонд, куды часова рассяляюцца спецыялісты, якія накіраваны ў Лагойск, але не маюць жылля ў горадзе. Акрамя таго, пры неабходнасці выканкам можа кампенсаваць спецыялістам і аплату за здымнае жыллё. Аднак Л.Хмуровіч, якую прызначылі намеснікам старшыні райвыканкама, мабыць, не захацела жыць ні ў інтэрнаце, ні ў здымнай кватэры. Вырашыўшы, што яна заслугоўвае ўсіх выгод, вырашыла пасяліцца ў нумары «люкс» ведамаснай гасцініцы «Алімп». Аднак такі нумар, хоць мае мноства выгод, дорага каштуе.

У гасцініцы «Ежедневніку» патлумачылі, што нумар «люкс» каштуе 450 тысяч рублёў за суткі. У месяц выходзіць каля 13,5 мільёнаў рублёў, што прыблізна роўна 80 % заробку намесніка старшыні выканкама. Зразумела, што такую суму Л.Хмуровіч не хацела плаціць, таму і прыдумала хітры ход з пераводам нумароў гасцініцы ў жылы фонд і наданнем ім статуса інтэрната. У выніку месячная плата стала складаць каля 200 тысяч рублёў. Гэта ў два разы менш, чым плоціць сярэднестатыстычны грамадзянін за камунальныя паслугі ў двухпакаёвай кватэры.

Сам па сабе нумар «люкс» у гасцініцы «Алімп» не ўяўляе сабой нічога асаблівага. Два пакоі, укамплектаваныя мэбляй, ванны пакой, халадзільнік, тэлевізар. Аднак галоўная каштоўнасць нумароў не ў гэтым. Бо пры пражыванні ў гасцініцы, жыхарам не трэба ні пра што клапаціцца. Твой нумар прыбяруць, памяняюць і памыюць бялізну і да т.п. Калі ўлічыць, што ў гасцініцы на першым паверсе месціцца і рэстаран, то жыццё наогул паўстае ў радасных колерах.

Цікава, што калі Л.Хмуровіч сама ўладкавала сваё жыццё, то пачала дапамагаць і іншым значным чыноўнікам раёна. Аднаму за адным нумарам гасцініцы надаваўся статус інтэрната і туды засяляліся галоўны заатэхнік, дырэктар камбіната бытавога абслугоўвання і іншыя важныя персоны. КДК налічыў усяго пяць чалавек, якія незаконна пражывалі ў гасцініцы каля паўтара года. А цяпер давайце падлічым, калі ў месяц адзін чыноўнік абыходзіўся ў суму 13.500.000 рублёў, то пяць за паўтара года — гэта больш за мільярд матэрыяльнай шкоды гасцініцы. Дарэчы, як высветліў «Ежедневнік», цяпер у гасцініцы ў наяўнасці ёсць толькі адзін нумар «люкс». Менавіта таму, калі зімой прыязджаюць адпачывальнікі, бывае, што нумароў і не хапае.

Як высветліў «Ежедневнік», цяпер матэрыялы КДК перададзеныя ў праваахоўныя органы для дачы дзеянням чыноўнікаў прававой ацэнкі. Аднак Л.Хмуровіч і іншыя лагойскія чыноўнікі, якія незаконна пражывалі ў гасцініцы, працягваюць займаць свае пасады. Відаць, яны не вельмі і засмучаныя.

У самой гасцініцы «Алімп» «Ежедневніку» заявілі, што ні ў чым не вінаваты. Маўляў, гасцініца знаходзіцца на балансе аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму Лагойскага райвыканкама, таму як у такой сітуацыі не пусціць на пастой начальства?

Вось як выглядае нумар «люкс» гасцініцы «Алімп».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?